Выкрытая міжнародная сетка, якая дапамагала элітам РФ абыходзіць санкцыі
Расія намагаецца абыходзіць санкцыі
Міністэрства фінансаў ЗША ўводзіць санкцыі ў дачыненні да 5 чалавек і 4 юрыдычных асоб, звязаных з кампаніяй TGR Group. Апошняя названая "разгалінаванай міжнароднай сеткай", якая дапамагала абыходзіць санкцыі прадстаўнікам расійскай эліты і адмываць грошы злачынных груповак.
TGR Group — расійская кампанія, якая мае прадстаўніцтвы ў краінах ЕС, Азіі, у Вялікабрытаніі. У сваёй дзейнасці па дапамозе ў абыходзе заходніх санкцый і адмыванні грошай яна прыцягвала іншыя кампаніі. Расіянам, якія трапілі пад санкцыі, прадавалі прывязаныя да долара стэйблкоіны. Грошы прымалі ў адной краіне і рабілі даступнай эквівалентную суму ў іншай, часта абменьваючы крыптавалюту на наяўныя. У выніку падсанкцыйным расіянам удавалася купляць нерухомасць у Вялікабрытаніі.
Брытанскае Агенцтва ў барацьбе са злачыннасцю паведаміла пра міжнароднае расследаванне, у выніку якога ўдалося раскрыць "расійскую сетку адмывання мільярдаў долараў". Падкрэсліваецца, што яе "выкарыстоўвалі наркагандляры, фінансавыя злачынцы і замежныя шпіёны". Арыштаваныя 84 чалавекі (многія з іх ужо асуджаныя), канфіскавана больш за 20 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў наяўнымі і ў выглядзе крыптавалюты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.