Вынесены прысуд яшчэ аднаму мінскаму кантралёру, жанчыне 71 год
71-гадовую жанчыну прысудзілі да двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады / sb.by
У Мінску вынесены яшчэ адзін прысуд у дачыненні да кантралёра грамадскага транспарту, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны". Да двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады прысудзілі 71-гадовую жанчыну.
Яе злачынства таксама палягала на тым, што штраф, узяты з безбілетніка без дакументаў, афармляўся на іншую асобу — грамадзяніна, чые пашпартныя дадзеныя ў яе былі. Раней той чалавек таксама трапляўся без білета.
У выніку ад дзеянняў кантралёра пацярпелі 4 асобы, палічыў бок абвінавачвання. Яны былі "незаконна прыцягнутыя ёю да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, якіх тыя ў рэчаіснасці не здзяйснялі", патлумачыла пазіцыю абвінавачвання памочнік пракурора Першамайскага раёна Марыя Суднік.
Дзеянні кантралёра кваліфікавалі як "злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" (арт. 424 КК РБ). Жанчына віну прызнала. Яна расказала ў судзе, што такім чынам хацела дамагчыся высокіх вынікаў у працы і атрымаць прэмію.
Раней праблем з законам у яе не было. У кантралёра ёсць вышэйшая адукацыя. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.