Выпадкаў ціску на іншадумцаў праз дзяцей стала больш — праваабаронцы
У школах лаюць за "няправільныя" сцягі на малюнках / малюнак Сашы, 5 гадоў, kyky.org
Улады пачалі часцей выкарыстоўваць механізм СНС для ціску на сем'і, якія былі заўважаныя ў пратэсным руху. Да такой высновы прыйшла праваабаронца Дар'я Чурко.
Яны апыталі прадстаўнікоў 24 сем'яў, пераважна з Мінскай, а таксама Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.
"Да падзей Беларусі 2020-га года ціск праз дзяцей быў таксама распаўсюджаны ў Беларусі, аднак колькасць выпадкаў была меншай", — сцвярджаюць аўтары даследавання.
У якасці прыкладаў прыводзіцца гісторыя сям'і, дзе міліцыя пагражала паставіць на ўлік у СНС за бел-чырвона-белы сцяг у акне. Гаспадыню кватэры выклікалі "ў апорны пункт міліцыі, і там, падчас гутаркі, зайшла гаворка пра тое, што раз яна з'яўляецца безадказнай маці, то "трэба з СНС прыйсці да яе дадому і праверыць і дом, і дзіця", гаворыцца ў справаздачы праваабаронцаў.
Рэспандэнты, якія запаўнялі анкеты, таксама адзначалі, што з верасня ў школах з малодшакласнікамі "праводзілі нешта накшталт палітінфармацыі, прымушалі маляваць дзяржаўны сцяг, а калі дзеці малявалі бел-чырвона-белы — лаялі за гэта, пагражалі. Дзеці не разумелі, што адбываецца, адчувалі сябе пакрыўджанымі".
Некаторыя рэспандэнты адзначалі трывожнасць дзяцей, расказвалі, што дзеці прачынаюцца ўначы ў слязах і крычаць, каб іх не забіралі.
Па выніках даследавання праваабаронцы сфармулявалі шэраг рэкамендацый:
- для ўладаў — пачаць выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязанні ў сферы правоў дзіцяці і перастаць выкарыстоўваць дзяцей як інструмент ціску на іх бацькоў;
- для міжнароднай супольнасці — звярнуць увагу на выкарыстанне ў Беларусі дзяцей для палітычнага ціску на іх бацькоў, а таксама прыняць усе магчымыя меры для абароны правоў дзіцяці і захавання сем'яў;
- для міжнародных арганізацый і СМІ — узмацніць асветніцкую працу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.