Высновы 2020-га: наступны пратэст у Беларусі будзе больш радыкальны
“Рэйкавыя партызаны” ў самой Беларусі, беларускія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну… Ці азначае гэта, што беларусы саспелі да больш радыкальных дзеянняў?
На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, больш рэзкая палеміка — гэта вынік працы над памылкамі 2020-га:
— Шмат зараз абмяркоўвалі, што іншага варыянта не было ў жніўні 2020-га акрамя мірнага пратэсту, бо нібыта іншага не прапаноўвалі. Прапаноўвалі: калі зараз пагартаць старонкі, то можна знайсці заклікі да больш рэзкіх дзеянняў: калі мянты бегаюць па дварах, то паліваць іх кіпнем. Людзі не ў Беларусі да такога заклікалі, але большасць пратэстоўцаў гэтыя заклікі абсалютна не ўспрымалі. Грамадства тады было накіравана менавіта на мірны пратэст. Я сам быў прыхільнікам таго, што можна назваць Майданам: не выйсці і ўвечары разысціся, а выйсці і заставацца.
Па ўспамінах Цыганкова, такі падыход не знайшоў водгуку.
— Восенню, калі пратэсты пачалі згортвацца, стала зразумела, што калі будзе ўмоўная другая хваля — праз паўгода, год, пяць гадоў, — то яна будзе іншай. Людзі, паспрабаваўшы спакойны, мірны пратэст, прыйшлі да высновы, што ён не працуе з дыктатарскай уладай. Гэта было відавочна для многіх старых апазіцыянераў. Людзі, якія зараз перажываюць гэты досвед, яны больш схіляюцца да таго, што калі наступны раз падчас нейкага часу Ікс, то прыйдзецца дзейнічаць больш радыкальна. Адсюль і такія думкі.
Спрыяе такім думкам, па словах Цыганкова, і вайна ва Украіне:
— Вайна ўсё радыкалізуе. Вайна ставіць беларускі рэжым на зусім іншы ўзровень нелегальнасці і таксічнасці. Цяпер гэта не проста рэжым, які змагаецца з уласным народам, а рэжым, які ўдзельнічае ў захопніцкай вайне, асуджанай усім светам.
Ці можна разлічваць на батальён Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, што потым ён пойдзе вызваляць Беларусь?
— Мне здаецца, роля батальёна — маральна-палітычная: паказаць, што беларусы змагаюцца за Украіну. Яго наўрад ці можна ацэньваць з пункту гледжання той будучай сілы, якая будзе вызваляць Беларусь. Слова “батальён” само кажа пра колькасць гэтых людзей: у лепшым выпадку некалькі сотняў. Наўрад ці яны могуць сфармаваць нейкую істотную сілу.
Мы можам згадаць Францыю 1940 года, калі пасля паразы дэ Голь з’ехаў у Лондан і аб’явіў пра стварэнне руху, які не змірыўся з паразай. То-бок за межамі самой Францыі ствараліся батальёны, вайсковыя сілы, якія потым разам з саюзнікамі — Англіяй і ЗША — уваходзілі ў Францыю для вызвалення.
Цыганкоў не думае, што Украіна гатовая браць на сябе такую ролю.
— Яна фактычна не аб’яўляла Беларусі вайну. І па выказваннях і Зяленскага, і Арастовіча бачна, што Украіна па-рознаму ставіцца да Беларусі і Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.