Выстаўленыя абвінавачанні за выбух на "Магілёўдрэве", ад якога загінуў чалавек

Выстаўленыя абвінавачанні за выбух на "Магілёўдрэве", ад якога загінуў чалавек

Следчы камітэт завяршыў расследаванне па выніках выбуху на "Магілёўдрэве", паведамляе прэс-служба ведамства.

У выніку выбуху, які здарыўся 25 верасня 2018 года, пацярпелі сем чалавек. Крыху пазней 53-гадовая работніца завода памерла ў лякарні ад атрыманых траўмаў. Два чалавекі атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Шкода абсталяванню і будынку мэблевага цэха ацэненая больш як на 23 тысячы рублёў.

Следства выявіла, што ў 2013 годзе адбылася мадэрнізацыя мэблевага цэха, і там прадугледжвалася выкарыстанне выбухапажаранебяспечных лакаў на воднай аснове. У 2017 годзе два мэблевыя цэхі, №1 і №3, былі аб'яднаныя ў адзін — паводле загаду галоўнага інжынера, які выконваў абавязкі гендырэктара ААТ "Магілёўдрэў". Пры гэтым ён не забяспечыў неабходныя працэдуры, унясенне зменаў у праектную дакументацыю і выкананне мерапрыемстваў па пажарнай бяспецы. Пасля аб'яднання ў цэху №3 сталі выкарыстоўваць выбухапажаранебяспечныя нітралакі, на якія не была разлічаная сістэма вентыляцыі.

У выніку ў вентыляцыйнай сістэме назапасілася небяспечнай парапаветраная сумесь, якая загарэлася, а потым выбухнула. 

Акрамя галоўнага інжынера за выкананне правілаў пажарнай бяспекі адказваў начальнік мэблевага цэха. Паведамляецца, што ён больш за год не прымаў мер для ліквідацыі парушэнняў. 

Не прымаў ніякіх мераў і намеснік дырэктара па тэхнічных пытаннях УП "БР Кансалт", з чыёй ініцыятывы былі аб'яднаныя два цэхі. 

У выніку следчыя абвінавацілі 38-гадовага былога галоўнага інжынера і 46-гадовага былога начальніка мэблевага цэха ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. А намесніку дырэктара па тэхнічных пытаннях УП "БР Кансалт" выставілі абвінавачанне ў службовай халатнасці. З усіх трох узятая падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі