Вызначаныя крытэрыі, па якіх сям'ю могуць прызнаць сацыяльна праблемнай
У Беларусі вызначылі крытэрыі, па якіх сям'ю могуць прызнаць сацыяльна праблемнай і прыняць рашэнне, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пастанову прыняў Савет міністраў (№ 22 ад 15 студзеня 2019-га), яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ.
У адпаведнасці з дакументам, крытэрыі наступныя: пакіданне бацькамі дзяцей без ежы, перашкода атрымання абавязковай агульнай базавай адукацыі, сістэматычнае невыкананне рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лячэнню. Таксама ў спісе пазначана незабеспячэнне бацькамі нагляду за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з-за чаго былі ўчыненыя правапарушэнні, вядзенне бацькамі амаральнага ладу жыцця, злоўжыванне сваімі правамі, жорсткае абыходжанне з дзецьмі, з-за чаго з'яўляецца пагроза для жыцця і здароўя дзіцяці.
Дакумент пачне дзейнічаць з 1 лютага 2019 года. Ранейшыя рашэнні, якімі было прызнана, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, будуць перагледжаныя на працягу шасці месяцаў.