Як абмяжуюць рух транспарту ў сталіцы 3 ліпеня
Аўтамабілісты адчуваюць праблемы ў Мінску ўжо сёння — з-за трэніровак параду, у сераду ж ад раніцы цэнтр будзе перакрыты.
Сталічнае ДАІ паведамляе, што ў сувязі з правядзеннем у Мінску святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня ў сталіцы будзе абмежаваны рух:
з 6-й да 8-й гадзіны па вуліцах Заснавальнікаў і Старынаўскай,
з 7.15 да 8.15 па праспекце Незалежнасці, вуліцах Сурганава, Багдановіча на ўчастку ад Сурганава да праспекта Машэрава на момант праходжання калоны ваеннай тэхнікі,
з 7-й да 13-й гадзіны па праспекце Машэрава на ўчастку ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Ціміразева.
Дзяржаўтаінспекцыя папярэджвае, што з 8.00 да 8.30 па маршруце праспект Незалежнасці — МКАД — праспект Пераможцаў — вуліца Сапёраў — вуліца Ціміразева — вуліца Гвардзейская — вуліца Тарханава — вуліца Ігнаценкі будзе перамяшчацца калона тэхнікі з удзельнікамі парада. Для арганізацыі бяспечнага і бесперашкоднага праезду рух на час праходжання калоны паэтапна будзе абмежаваны.
БелаПАН інфармуе, што пасля заканчэння парада ў сувязі з вяртаннем ваеннай тэхнікі да месца дыслакацыі зноў будзе праводзіцца паэтапнае абмежаванне руху па вуліцах Ціміразева (ад Кальварыйскай да Сапёраў), Сапёраў, праспекце Пераможцаў, вуліцах Арлоўскай і Сурганава, праспекце Незалежнасці, вуліцах Старынаўскай і Заснавальнікаў. А таксама па маршруце руху калоны з удзельнікамі парада: па вуліцах Гвардзейская, Тарханава, Ігнаценкі, праспекце Пераможцаў, МКАД, праспекце Незалежнасці.
ДАІ рэкамендуе кіроўцам на гэтых участках не паркаваць свае аўтамабілі, у іншым выпадку яны будуць эвакуяваны.