Як адаб’ецца на Беларусі падзенне долара і рост цэнаў на нафту

Як адаб’ецца на Беларусі падзенне долара і рост цэнаў на нафту

У чацвер, 4 лютага, цана нафты гатунку Brent падскочыла больш чым на 7,5%, перавысіўшы адзнаку 35 долараў. Гэта адбылося на фоне найвялікшага падзення долара за апошнія 7 гадоў — да ўзроўню 2009 года, паведамляе Bloomberg. Аналітыкі мяркуюць, што слабы долар дапамагае збыту нафты, якая прадаецца за амерыканскую валюту.

Патаннеў долар і да беларускай валюты. Яго кошт у чацвер знізіўся на 232 рублі — да 21 486.

На думку беларускага эканаміста Георгія Грыца, цана нафты расце, бо рынак рыхтуецца да зніжэння здабычы:

“Скачок нафты адбыўся на фоне дамовы краінаў АПЕК і тых, хто туды не ўваходзіць, панізіць здабычу на 5%”.

У такім выпадку, паводле прагнозаў некаторых аналітыкаў, цана нафты да канца года можа дасягнуць 50 долараў. Для Беларусі гэтая сітуацыя таксама хутчэй спрыяльная.

“Рост цэнаў на нафту — гэта добра. У мінулым годзе прадпрыемствы нафтахіму страцілі каля 5 млрд долараў праз нафтавыя каціроўкі. Таму калі нафта пачне каштаваць 50 долараў, як прагназуюць некаторыя эксперты, гэта, безумоўна, істотна знізіць нагрузку на наш бюджэт”, — кажа Георгій Грыц.

На думку эканаміста, цана долара паніжаецца, бо гэта спрыяе падтрымцы рэальнага сектару эканомікі ЗША. Але для беларускага экспарцёра гэта не надта добрая навіна. Слабейшы долар паніжае канкурэнтаздольнасць нашых тавараў.

Эканаміст Павел Данейка, наадварот, мяркуе, што долар будзе ўмацоўвацца:

“Калі працэнтная стаўка Федэральнай рэзервовай сістэмы павысіцца, а яна павысіцца, долар яшчэ ўмацуецца. Асноўныя чаканні звязаныя з умацаваннем долара ў дачыненні да ўсіх валют”.

Такім чынам, эканамічная сітуацыя захаваецца ў гэтым жа рэчышчы.

Тым часам Еўракамісія знізіла ацэнку сярэдняй цаны на нафту маркі Brent у 2016 годзе больш чым на траціну — да 35,8 долара за барэль. У восеньскім дакладзе паведамлялася пра цану ў 54,2 долара за бараль.

Прагноз на 2017 год таксама істотна зніжаны — з 58,8 да 42,5 долараў за барэль, паведамляе ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі