Як Браслаў адзначыў сваё 950-годдзе: рыцары, хадулі, NRM (відэа)

Браслаў адзначыў сваё 950-годдзе. Падчас святкавання на Замкавай гары адбыўся фэст сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. У ім прынялі ўдзел рыцарскія клубы з Беларусі і Латвіі. Сёлета не было клубаў з Расіі, не было таксама і расійскіх казакоў. Нягледзячы на тое, што ўваход на Замкавую гару каштаваў 40 тысяч рублёў, наведвальнікаў было шмат.

Распачаўся фэст урачыстым шэсцем удзельнікаў па валу Замкавай гары. На пачатку мерапрыемства была паказана легенда аб заснаванні Браслава ў выкананні мінскіх і мясцовых артыстаў. Потым адбылася здабыча жывога агню ад трэння дрэва, якая ўжо стала традыцыйнай.  

На фэсце былі і спаборніцтвы лучнікаў, і рыцарскія двубоі. Таксама артысты з Мінска паказалі прыгожую праграму на хадулях. Падчас іх выступу і жадаючыя з ліку гледачоў змаглі паспрабаваць пахадзіць на хадулях. У некаторых гэта нават нядрэнна атрымалася.

Таксама можна было набыць розныя сувеніры, пакатацца на конях, можна было сфатаграфавацца з рыцарамі. А пасля ўсіх чакаў канцэрт гурта NRM. Святкаванне працягвалася да позняй ночы і завяршылася салютам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі