Як на беларускім ТБ троляць Дзмітрыя Мядзведзева
Беларускі тэлеканал АНТ тлуста троліць расійскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. Днямі палітык выказаў незадавальненне словамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што войны, якія пракаціліся па тэрыторыі Беларусі, гэта "не нашы войны". Маўляў, сказаўшы так, Лукашэнка кідае цень на подзвігі нашых продкаў.
Карэспандэнт АНТ Дзмітрый Сяменчанка вырашыў патлумачыць "свайму цёзку", што насамрэч меў на ўвазе кіраўнік Беларусі, бо сам Мядзведзеў "не зразумеў ці не захацеў зразумець" гэтага. А далей быў дзёрзкі жарт на тэму адносінаў Расіі і Украіны:
"Чужыя вайны і подзвіг продкаў — гэта, як кажуць у вядомым горадзе, дзе Дзмітрый Анатольевіч наўрад ці калі-небудзь пабывае, дзве вялікія розніцы".
Крыху раней выказванне Мядзведзева пракаментавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Яе заява таксама была эмацыйнай:
"Рэакцыя [Мядзведзева на словы Лукашэнкі. — Еўрарадыё], трэба сказаць, вельмі нечаканая — і нечаканасць яе заключаецца ў поўным скажэнні сутнасці. Упэўненая, што не трэба падрабязна тлумачыць, што азначае "ўсе гэтыя войны — не нашы войны". Усе гранічна ясна: кажучы пра гэта, прэзідэнт меў на ўвазе, што наваяваліся — і Беларусь, і Расія — хопіць!".
Эйсмант дадала, што нягледзячы на агульную спадчыну перамог у войнах, сёння Беларусь і Расія загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчавання, і лепш бы Мядзведзеў заняўся вырашэннем гэтых пытанняў, а не згадваў "сівыя часы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.