Як распазнаць хуткую дэвальвацыю?

Калі банкі атрымаюць дастатковую колькасць рублёў

У ліпені беларусы забралі з рахункаў амаль 1,6 трыльёна рублёвых укладаў, і банкі сутыкнуліся з недахопам рублёў. Справа ў тым, што банкі зарабляюць, пазычаючы пад працэнты грошы, якія атрымалася ўзяць пад меншыя працэнты. Калі няма дэпазітаў — няма і прыбытку! Яшчэ горш выглядае сітуацыя, калі ў касе няма рублёў, а за дзвярыма чакае чарга з укладчыкаў.

Нацбанк мог бы кампенсаваць недахоп рублёў, на тое ён і рэгулятар. Мог — але не кампенсаваў, паслядоўна задавальняючы толькі частку заявак ад камерцыйных банкаў. Якім у выніку давялося шукаць рублі ў іншых месцах, а дакладней — адно ў аднаго. У выніку на міжбанкаўскім рынку стаўкі па аднадзённых крэдытах (іх яшчэ называюць крэдытамі овернайт) на мінулым тыдні ўзляцелі да 80% гадавых.

Аналітык Сяргей Чалы лічыць, што Нацбанк стварыў штучны крызіс ліквіднасці, каб камерцыйныя банкі не ціснулі на валютны рынак. Чым менш у банкаў рублёў, тым меншы попыт на долары яны могуць сфарміраваць на біржы. А калі рэгулятар “дасць” банкам столькі рублёў, колькі яны хочуць, яны адразу ж выйдуць з імі на валютна-фондавую біржу. “На наступны ж дзень і будзе іншы курс”, — кажа аналітык.

Назіраць за статыстыкай ламбардных крэдытных аўкцыёнаў і аўкцыёнаў SWAP, з дапамогай якіх Нацбанк дае банкам ліквіднасць, можна тут.

Падзенне ставак па дэпазітах

Банкі, якім не хапае рублёў, выстаўляюць прывабныя стаўкі па дэпазітах, і людзі пакідаюць грошы на рахунках. Паніку на валютным рынку і масавы сыход “з рублёў”, з якіх пачыналіся дэвальвацыі 2011 года, пакуль што ўдаецца стрымліваць.

“Натуральна, чым вышэйшая стаўка, тым ахвотней людзі ідуць у банк са сваімі грашыма. Чым ніжэйшая — тым менш ахвотна. Але назваць нейкую канкрэтную стаўку, якая магла б стаць кропкай ператоку, вельмі складана”, — мяркуе рэдактар сайта infobank.by Жанна Кулакова.

Калі стаўкі ідуць уніз, людзі перастаюць разумець, навошта ім рызыкаваць, трымаючы ў банку рублёвы ўклад. Якраз такая сітуацыя склалася ў пачатку лета, калі банкі амаль напалову зменшылі адсоткі па ўкладах: з максімальных 40% у лютым да мінімальных 24% у чэрвені. У ліпені, каб спыніць адток дэпазітаў, давялося вяртаць 45%, якія больш падабаюцца людзям.

Сачыць за стаўкамі па дэпазітах можна праз сайты банкаў і на адмысловых сервісах. Напрыклад, benefit.by і infobank.by.

Скарачэнне экспарту, рост гандлёвай масы

Эканаміст Леанід Заіка, каб “вылічыць” дэвальвацыю, раіць прыглядацца да чыстага экспарту. Разам са знешнім гандлем скарачаецца прыток валюты ў краіну. Гэта асабліва небяспечна, калі паралельна ў краіне робіцца ўсё больш і больш рублёў.

Леанід Заіка: “На сёння экспарт з Беларусі скараціўся на 23%. Ужо можна, нават не ведаючы іншых параметраў, казаць, што беларускі рубель мусіць быць дэвальваваны. А галоўны паказчык — выпуск грашовай масы. То бок, вось рублёвая грашовая маса вырасла на 14%, а экспарт скараціўся на 23%. Значыць, беларускі рубель трэба дэвальваваць, і ўсё”.

Статыстыка па экспарце штомесяц з’яўляецца на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта. А за ростам і скарачэннем грашовай масы можна назіраць на сайце Нацбанка.

P.S.: Прадказаць дэвальвацыю немагчыма

Аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб распавядае Еўрарадыё, што пэўных прыкметаў дэвальвацыі няма і быць не можа:

“Чэргі ля абменнікаў з’явяцца ўжо пасля дэвальвацыі. А чуткам са спасылкай на “крыніцу ў Нацбанку” мала веры, бо такія “уцечкі” рэгулярна з’яўляюцца цягам апошніх двух гадоў, а дэвальвацыі ўсё няма. Да таго ж, разавая дэвальвацыя ўвогуле мае сэнс толькі тады, калі пра яе ніхто не ведае”.

Эксперт дадае, што не чакае разавай дэвальвацыі, маўляў, ёсць аб’ектыўная неабходнасць, каб рубель аслабеў, і ён будзе слабець. Але павольна.

Фота: telegraf.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі