Як выжываюць лядовыя палацы: афармленне віз, вяселлі і аквапаркі
Збудаваныя па ўсёй Беларусі арэны зарабляюць рознымі спосабамі. Асабліва вітаюцца правядзенні збораў для расіян і эстрадныя канцэрты.
У Беларусі стаіць больш за тры дзясяткі дзяржаўных лядовых палацаў. Большасць з іх узвялі ў апошнія гады.
Замову рабілі старанна, імкнуліся такім чынам развіць хакей. Але нашы грабоўскія і касціцыны выраслі акурат тады, калі такой колькасці палацаў не было. А лепшых гульцоў пакуль не выхавалі.
Спартовыя грамадзіны многія крытыкавалі за нерэнтабельнасць. А летась Аляксандр Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства “Беларуськалій”, заявіў пра лядовыя арэны, што “мы іх столькі маем, колькі не можам задзейнічаць, а галоўнае ― яны не даюць той аддачы, на якую разлічвалі”.
Тым не менш палацы ўзведзеныя. Пра “Чыжоўка-Арэну” і “Мінск-Арэну”, дзе праводзіўся чэмпіянат свету-2014, было шмат напісана. Спрабуем даведацца, якія цікавосткі ёсць у несталічных лядовіках.
Еўрарадыё ужо бывала ў жлобінскай арэне “Металург”. Здзіўленне выклікаў той факт, што падчас цікавых матчаў сюды прыходзіць каля 2000 тысяч чалавек. А таксама пры палацы збудавалі аквапарк.
Яшчэ адна арэна з аквапаркам паўстала перад “Дажынкамі-2011” у Маладзечне (змяшчальнасць 2200 гледачоў). Сёлета ў жніўні тут пачало гуляць мясцовае “Дынама” ― дублёры нашага прадстаўніка ў КХЛ.
“Гэта самы абсталяваны лядовы палац у Беларусі. Абсалютна такі ж знаходзіцца ў Баранавічах, але там няма аквапарку, ― хваліць маладзечанскую арэну мясцовы менеджар Сяргей Філіпаў. ― У нас ёсць спортзала для валейбола і баскетбола, адкрытыя пляцоўкі: мініфутбол, баскетбол і два корты для вялікага тэнісу. Увогуле прысутнічае аж 73 паслугі. З асноўных ― більярд, боўлінг, аквапарк, лядовая арэна, трэнажорная зала, фітнес…”
Апроч хакея у маладзечанскай арэне развіваюць фехтаванне, якое мае ў Беларусі залатую алімпійскую гісторыю, але было забытае за часамі суверэнітэту.
Адна з найлепшых валейбольных пляцовак у краіне знаходзіцца ў маладзечанскім лядовіку
Баранавіцкі лядовы палац (2158 гледачоў), які збудаваны па такім жа праекце, як у Маладзечне, не можа пахваліцца хаця б рэгулярнымі гульнямі беларускай экстралігі. Там трэніруюцца дзеці з мясцовай спартовай школы. Затое ў палацы праходзяць здымкі “Песні года АНТ”, а таксама аказваюць тузін іншых паслуг. Гэта і платная паркоўка, і перадрэйсавы медагляд вадзіцеляў, і масажы, і афармленне дакументаў на візы. А ў фае другога паверху, як і ў Маладзечне, праводзяцца вяселлі.
Артысты на "Песні году" ў Баранавічах
На шлюбах зарабляе і адкрытая летась аршанская арэна (змяшчальнасць каля 3500 гледачоў). Жаніх і нявеста могуць атрымаць тут фотасесію прыкладна за 600 тысяч. Пры гэтым пазіраваць можна не толькі ў фае, але і ў любой кропцы палаца.
“Нехта з маладых выходзіў на балкон, каб выгляд арэны падкрэсліць, нехта фатаграфаваўся ў боўлінгу. Было, што маладым у прэс-цэнтры задавалі пытанні. У кожнага фатографа на гэты конт сваё бачанне, ― распавядае адміністратар аршанскага лядовага палаца Таццяна Пракоф’ева. ― У нас паспяхова праходзяць разнастайныя канцэрты. У сакавіку паказвалі лядовае шоў з Санкт-Пецярбурга. Прыязджала Надзея Бабкіна, зоркі беларускай эстрады і Аляксандр Рыбак. Плануецца правядзенне афрыканскага шоў і выступ Юрыя Шатунова”.
Аршанскі лядовы палац мае асобны ўваход у забаўляльныя ўстановы ― боўлінг, більярд, кавярню і іншыя. Ёсць у палацы і зала пасяджэнняў на 185 месцаў, і пакоі для перамоваў.
“Але ўпор у нас рабіўся на спартсменаў ― гэта шорт-трэк і хакей, ― падкрэслівае Таццяна Пракоф’ева (удзельніца Алімпіяды-2014 Вольга Талаева акурат з Оршы, ― Еўрарадыё). ― У нас добрыя ўмовы для трэніровак. Ля кожнай распранальні ёсць сушка, а таксама саўна і шасціметровы басейн. Улетку ўсё было загружана навучальна-трэніровачнымі зборамі расійскіх і беларускіх каманд па хакеі і шорт-трэку. Наш лёд рабіўся менавіта для прафесіяналаў. Яго якасць адзначаюць нават замежнікі з Заходняй Еўропы”.
Можа, нехта і здзіўляецца з таго факту, што на нерэнтабельныя беларускія правінцыйныя арэны клююць іншаземцы. Аднак які год у Пінску (змяшчальнасць 640 гледачоў) праводзіць збор неаднаразовы чэмпіён КХЛ і адна з наймацнейшых каманд лігі “Дынама-Масква”.
“Збор-2014 выдаўся няпростым, але гэта заўсёды так у Пінску, ― паведамляе сайту маскоўскага “Дынама” Харыйс Віталіньш, сённяшні трэнер клуба. ― Магу сказаць адно, дні да заканчэння збораў лічылі ўсе. Пінск ― гэта Пінск”.
З ахвотай зарабляюць на расійскіх хакеістах і ў Пружанах. Побач з мясцовай арэнай (800 гледачоў) там узвялі яшчэ і басейн, з трэнажоркай і невялікім аквапаркам. Дарэчы такія самыя палаца збудавалі ў Кобрыне і Лунінцы.
“Апроч хакея у нас ёсць фігурнае коўзанне. Дзеці на Еўропу ездзяць, тры чалавекі ў беларускай нацыянальнай зборнай”, ― хваляцца поспехамі ў дырэкцыі пружанскай арэны.
У мястэчку жыве менш за 20 тысяч чалавек. Самаакупным палац тут быць не можа. На масавае катанне лёд ніколі не забіваецца, а з паслугаў наведвальнікам прапаноўваюць адносна сціплыя аэрахакей і батут. Але выглядае, што развіваць дзіцячы спорт тут усё ж узяліся. Хутка пры лядовым палацы адкрыюць аддзяленне па вольнай барацьбе. Мода пайшла з Бярозы, дзе мясцовы палац (570 гледачоў) збудавалі на грошы “Трайпла”. З падачы кіраўніка кампаніі Юрыя Чыжа пачалі націскаць на барацьбу.
З усіх лядовых палацаў славу самага самаакупнага меў мінскі, што ў 1999-м узвялі на вуліцы Прытыцкага (каля 1800 гледачоў). Колішняе кіраўніцтва адразу пачало шукаць спосабы, як зарабіць грошы. На арэне, да прыкладу, праходзілі буйныя канцэрты і рэгулярныя “Вечары адпачынку і знаёмстваў” для людзей сталага веку.
Але пасля распаду хакейнага клуба “Керамін” палац аддалі мінскаму “Юнацтву”. Сэрцы самотных мінчан бальзакаўскага веку злучацца тут перасталі.
“Мы цяпер хакейны клуб, і асноўны наш накірунак ― гэта дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і каманда, якая гуляе ў МХЛ, ― тлумачаць Еўрарадыё ў дырэкцыі палаца на Прытыцкага. ― Гэта стаў больш спартовы накірунак”.
Апроч арэны на Прытыцкага сталічны клуб “Юнацтва”, дзе выхавалі Грабоўскага і Салея, мае ў дадатак арэну на 700 месцаў у парку Горкага і “Чыжоўка-арэну” (каля 9300 гледачоў). Цікава, што ўсе гэтыя пляцоўкі прапаноўваюць кліентам пракат веласіпедаў.
Ля палацу "Юнацтва" ў парку Горкага збудавалі поле для хакею на траве
Такой інфраструктуры, як “Юнацтва”, і блізка не мае хакейнае “Дынама-Мінск”, якому дазволена безаплатна гуляць на “Мінск-Арэне”.
Беларускія шматфункцыянальныя лядовыя палацы выглядаюць своеасабліва. Што праўда, дарагавізна лёду схіляе да думкі, што калі б замяніць хакейныя скрынкі на валейбольныя ці гандбольныя, комплексы былі б куды больш рэнтабельнымі. А для маленькіх хакеістаў падышлі б арэны і на 300 гледачоў ― без крышталёвых жырандоляў, боўлінгаў, більярдаў і канцэртаў Бабкінай. Дарэчы, чэмпіён Беларусі “Нёман-Гродна” гуляе на трохтысячнай арэне, якая была адкрыта ў 1990-х яшчэ да пачатку буму будаўніцтва лядовых палацаў у Беларусі.
Дарэчы, чатыры гады таму кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін абяцаў, што сёлета ў нас будзе 52-54 лядовыя арэны.