Як “зачышчаюць” футбольных заўзятараў перад чэмпіянатам свету па хакеі

Перад чэмпіянатам свету па хакеі адбылося ўжо некалькі гучных затрыманняў, якія ў выніку скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі на суткі. У асноўным пад раздачу трапляе моладзь апазіцыйных поглядаў ― маладафронтаўцаў, нацболаў і іншых.

3-га траўня чарга дайшла і да футбольных заўзятараў. Перад адкрыццём “Барысаў-Арэны” 10 сутак далі прыхільніку БАТЭ Аляксандру Марозаву.  А 6-га траўня чарга дайшла і да заўзятараў сталічнага “Партызана”.  

“У 6.30 раніцы да майго хлопца Іллі прыйшоў маёр Дабравольскі і яшчэ адзін міліцыянер Невядомскі. Сказалі, што забяруць хлопца на паўгадзіны для прафілактычнай гутаркі, ― распавядае Алена Макарэвіч. Яе хлопец Ілля Валавік з’яўляецца заўзятарам сталічнага “Партызана”. ― Мы з імі доўга сварыліся, бо не было ні позвы, ні іншых прычын для такіх ранніх гутарак. Міліцыянеры паводзілі сябе жорстка і ў выніку пачалі пагражаць АМАПам. У выніку мы паехалі у РУУС Першамайскага раёна. Прывезлі яшчэ двух іншых футбольных фанатаў. Усіх павезлі ў суд Першамайскага раёна і далі па 10 сутак, як гэта звычайна бывае, за “нецэнзурную лаянку”.

Па словах Алены Макарэвіч, сведкамі на судзе былі тыя ж міліцыянеры, якія затрымлівалі яе хлопца. Апроч Іллі Валавіка асудзілі Сяргея Пазняка і Кірыла Ермаловіча. А сёмага траўня суткі далі яшчэ аднаму заўзятару “Партызана” па прозвішчы Харланчук.

Затрыманне “партызанаў” можа быць звязанае з падзеямі суботы 3 траўня. Фанаты заявіліся на турнір, які праводзілі рускія нацыяналістычныя арганізацыі, што выступаюць за “супольную Русь” з цэнтрам у Маскве. Ніякіх гвалтоўных дзеянняў фанаты-антыфашысты пры гэтым не ўчынілі. Але знялі на відэа доказы таго, што ў турніры сапраўды бяруць удзел людзі, звязаныя з расійскімі неанацыстамі.

“А на час чэмпіянату па хакеі фанаты “Партызана” увогуле не збіраліся ніяк і нідзе сябе праяўляць. Майго хлопца толькі непакоіў магчымы “Рускі марш” у Мінску на Дзень перамогі, ― працягвае Алена Макарэвіч. ― Хлопцаў затрымалі сапраўды бяспраўна, я звярнулася да адваката і мы будзем абскарджваць прысуд”.

P.S. Дапускаем, што асуджаныя маладыя людзі тэарэтычна маглі раніцай павыскокваць на двор, выпадкова сустрэцца з міліцыянерамі і асыпаць іх мацюкамі. Сваю пазіцыю мы папрасілі выказаць і ў міліцыі.

“У нас каментарыя на гэты конт не будзе, ― паведамляе Еўрарадыё прэс-афіцэр Першамайскага РУУС Святлана Білінская. ― Начальнік крымінальнага вышуку сказаў, што інфармацыю на гэты конт даваць нельга”.

Гэта не першы выпадак “дзіўнага” стаўлення праваахоўнікаў да моладзі, якая прытрымліваецца антыфашысцкіх поглядаў. У мінулым годзе, да прыкладу, прыхільнік вядомага расійскага неанацыста “Цесака” уваткнуў нож у спіну мінчаніна. Але ў выніку пазбег пакарання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі