Як затрымлівалі падазраванага ў брутальным збіцці “жанчыны” на Русіянава
17 лістапада сталічная міліцыя паведамляе пра выпадак, калі агрэсіўны мужчына ля дома па вуліцы Русіянава ў Мінску збіў жанчыну і авалодаў яе маёмасцю. Навіна суправаджаецца брутальным відэа: зламыснік вырубае ахвяру ўдарам па галаве, потым б’е ляжачую нагой.
У сацсетках многія называюць нападніка “жывёлай”, просяць яго знайсці і нават патрабуюць над ім расправы.
18 лістапада ў пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна затрымліваюць меркаванага нападніка — Аляксандра Г. Гэта інфармацыя не разыходзіцца па беларускіх СМІ так шырока, як папярэдняя.
Як даведалася Еўрарадыё, пацярпелай “жанчынай” з відэа… аказаўся мужчына. Пацвярджэнне гэтай інфармацыі атрымана адразу з некалькіх крыніц. У тым ліку ад сталічных сяброў затрыманага Аляксандра Г.
“Ён прыехаў у Мінск да майго мужа. Але калі ўсё здарылася, муж побач і блізка не знаходзіўся. Таму мы не ведаем нічога. У Першамайскім РУУС Мінска нас ужо дапыталі. Там сказалі, што пацярпелы – менавіта мужчына”, — расказвае Еўрарадыё жонка таго самага сябра, да якога ў сталіцу прыехаў Аляксандр Г.
Калі пільна праглядзець відэа, якое распаўсюдзіла міліцыя, то штаны і абутак ахвяры не выглядаюць жаночымі. Дарэчы, ролік на канале ГУУС Мінгарвыканкама на Youtube, дагэтуль падпісаны “Расшукваецца за нападзенне на жанчыну”. Відэа у сярэдзіне дня панядзелка 21 лістапада ўжо праглядзела больш за 150 тысяч чалавек.
Жонка затрыманага: “Ён не супраціўляўся, але ў крыві ўсё было заліта. Усё бачыў чатырохгадовы сын”
Аляксандр Г. (32 гады) жыве ў пасёлку Усяж разам з жонкай Таццянай. Пара гадуе чатырохгадовага сына. Таццяна кажа, што нядаўна зацяжарала ад мужа ў другі раз.
Яны распісаліся ў папраўчай калоніі ў 2012 годзе. Там Аляксандр адбываў шасцігадовы тэрмін за злачынства, падобнае да таго, што здарылася на вуліцы Русіянава. Вызваліўся датэрмінова паўгода таму, пераехаў жыць да жонкі, уладкаваўся ў прыватную будаўнічую фірму.
Таццяна кажа, што, як толькі па інтэрнэце разышлося відэа пра збіццё “жанчыны”, то жыхары пасёлка пазналі Аляксандра і папярэдзілі, што ён у вышуку. Муж на гэта сказаў, што нічога не разумее, прыняў ванну, пагуляў з сынам і пайшоў спаць.
“А ўначы наш жылы дом паабкружылі людзі у масках з аўтаматамі, са шчытамі. Усе спалі, а я гуляла па камп'ютары ў гульню. Раптам пачалі ламаць дзверы, – плача Таццяна. – Я падбягаю да дзвярэй і кажу: “Пачакайце, я адчыню”. А яны: “Адысці ад дзвярэй, будзем страляць!”. Я цяжарная, у мяне дома чатырохгадовае дзіця. Саша не супраціўляўся, сядзеў на ложку. Як выламалі дзверы, нейкі маленькі мужчына забег, адразу даў Сашу дубінкай у твар. Мяне штурхнулі на канапу. Сашу павалілі і пачалі біць тварам аб падлогу. У крыві тут усё было заліта. Потым яму надзелі кайданкі і пачалі біць тварам аб парог! У мяне сястра дома была, і ўсё гэта бачыла дзіця”.
Еўрарадыё: Вы ўпэўненыя, што малы сын за ўсім назіраў?
Таццяна: “Пры дзіцяці яны білі бацьку так, што дзіця дагэтуль заікаецца. А яшчэ я сама цяжарная, другое дзіця Аляксандра нашу ў жываце. У Першамайскім РУУС Мінска мне сказалі, што муж знаходзіцца ў бальніцы, дрэнна сябе адчувае. Але я яго знайсці і наведаць не магу. Чалавек, які бачыў Сашу у РУСС, кажа, што ён дагэтуль нічога не бачыць, вочы ў яго не расплюшчваюцца”.
Таццяна не ведае, ці сапраўды яе муж некага пабіў. Па фота яна яго апазнае. Але на распаўсюджаным відэа не бачна твараў. Нават калі Аляксандр і здзейсніў злачынства, то спецназаўцы павялі сябе, як лічыць жанчына, не лепш.
“Пры чым тут я і мой сын? Дзверы ў кватэру цяпер не зачыняюцца, хто іх мне адновіць? Малому холадна. І ці можна так чалавека збіваць, ды яшчэ і пры малалетнім дзіцяці? Гэта не павінна застацца беспакараным”, – лічыць Таццяна.
Што кажуць суседзі Аляксандра Г.?
Звязваемся з людзьмі са шматкватэрнага дома, дзе ён жыў разам з сям’ёй.
“Ростам пад метр восемдзесят, не лайдак, працаваў. Дзяцей у іх двое. Калі мы сутыкаемся, то зносіны абмяжоўваюцца словамі “добры дзень” і “да пабачэння”. Ніякіх канфліктаў у мяне з ім ніколі не было. Сусед заўжды ўсміхаецца, калі вітаецца. Такога, каб ён быў падобны на страшнага чалавека, няма. Асабіста нам ён нічога дрэннага не рабіў. Таму мы ўсе ў шоку ад гэтага выпадку”, — кажа суседка, якая жыве на паверх ніжэй.
“Жывучы ў адным доме, я з ім ніколі не мела праблем. Ён заўжды вітаўся, ніколі не праяўляў пры мне неадэкватнай рэакцыі”, — распавядае яшчэ адна жанчына з пад’езда.
Еўрарадыё звярнулася ў прэс-службу ГУУС Мінгарвыканкама з пытаннем пра “жанчыну” на відэа, траўмы Аляксандра Г. і паводзіны спецназа падчас затрымання (паводле інфармацыі Еўрарадыё, аперацыю праводзіў спецыяльны атрад хуткага рэагавання). Адказу на момант публікацыі матэрыялу не паступіла.
На сайце Следчага камітэта пра гісторыю на вуліцы Русіянава не напісана ніводнага слова. Выпадак пакуль катэгарычна не каментуюць.