Якім будзе ЕГУ пры апазіцыйным Сенаце?

Выбары ў Сенат праходзяць 19 лістапада. Перамогу аб’яднанне “За новы ЕГУ” святкуе ўжо ўвечары — толькі адзін з прапанаваных апазіцыянерамі 13 кандыдатаў не праходзіць у Сенат. Дацэнт Вольга Шпарага гаворыць, што перш за ўсё возьмецца за перагляд рэформаў рэктара Міхайлава.

“Пра рэформы нам паведамілі не зараз, не пасля агучвання нашай праграмы. Яны прапанаваныя нам былі год таму. І вось мы лічым, што зараз неабходна даць ім акадэмічную і юрыдычную ацэнкі”.

Усяго ў Сенат ЕГУ ўваходзіць 21 чалавек. З іх 15 выкладчыкаў, якія выбіраюцца. У дадатак чатыры студэнты, а таксама рэктар і адзін прадстаўнік даследчыцкага цэнтра, які прызначаецца рэктарам. Выкладчыкі з платформы “За новы ЕГУ” гавораць, што падчас ранейшых рэформ (а яны адбываліся ў 2006 і 2009 гадах) роля Сената зніжалася. А новыя прапановы рэктара ўвогуле з выкладчыкамі шырока не абмяркоўваліся.

Дацэнт Максім Жбанкоў гаворыць, што зараз неабходна вярнуць Сенату рэальную магчымасць уплываць на працэсы. Маўляў, без гэтага ЕГУ нельга назваць еўрапейскім універсітэтам.

“Размова ідзе пра тое, каб зрабіць ЕГУ сапраўднай еўрапейскай эфектыўнай навучальнай установай. Для нас гэта перадусім падзел улады і адказнасці паміж адміністрацыяй і акадэмічным самакіраваннем.Па-другое, гэта празрыстасць прыняцця найбольш важных рашэнняў. Па-трэцяе — уцямная і празрыстая праграма развіцця ўніверсітэта”.

Яшчэ адзін выкладчык ЕГУ — Андрэй Лаўрухін — нагадвае пра неабходнасць захаваць не толькі еўрапейскасць ЕГУ, але і беларускасць.

“Мы лічым, што ЕГУ — гэта найперш тое месца, дзе беларускія студэнты і выкладчыкі набіраюцца еўрапейскага вопыту. Тут яны далучаюцца да новых практык і новых каштоўнасцяў, каб затым несці іх у беларускае грамадства”.

Пытанне — наколькі зможа ўплываць на палітыку адміністрацыі апазіцыйны ёй Сенат. І студэнты, і выкладчыкі прызнаюць: рэальная ўлада ў ЕГУ зараз за рэктарам. На думку Максіма Жбанкова, праблемы будуць.

“Натуральна, нам будзе няпроста. Але кожная сістэма, якая мае рэсурсы для зменаў, праходзіць праз нейкія канфліктныя перамовы, дыялог. Спадзяемся, што наша сістэма можа змяніцца. У нас з адміністрацыяй розныя погляды на будучыню ўніверсітэта, і так лёгка адміністрацыя на нашы прапановы не пагодзіцца”.

Тым часам студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту адрэагавалі на сітуацыю па-дзіцячаму кранальна. Развесілі ў калідорах плакаты з заклікам “ЕГУ, папраўляйся хутчэй”. Але падаецца, што хвароба ў самым разгары.

Фота Марылі Сляпцовай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі