"Яны ўсе там загінуць": што думаюць пра мабілізацыю тыя, хто пабываў ва Украіне

Праводзіны мабілізаваных жыхароў Крыма на вайну 27 верасня 2022 года
Праводзіны мабілізаваных жыхароў Крыма на вайну 27 верасня 2022 года

Мабілізацыя ў Расіі працягваецца больш за тыдзень. Некаторых прызыўнікоў ужо вязуць на фронт (прычым без падрыхтоўкі), іншыя проста на падлозе спяць у казармах (падобных да турмы), трэція вымушаныя на свае грошы купляць найпрасцейшыя медыкаменты і абмундзіраванне (а што да зброі, то ў некаторых часцях яна аказалася ржавай). "Медуза" даведалася, што думаюць пра гэтую мабілізацыю тыя, хто ўжо пабываў на вайне ва Украіне, — расійскія кантрактнікі і найміты.
 

Кірыл, кантрактнік

Калі шчыра, яны ўсе там [ва Украіне] загінуць. Скалечацца і загінуць. Гэта ж не падрыхтаванае войска! Я, напрыклад, доўга служыў [па кантракце], сам прабіваўся [на фронт] — і ўсё роўна аказаўся не гатовы. У першы ж дзень зразумеў, што здзейсніў самую вялікую памылку ў сваім жыцці.

Калі я сам дамагаўся паехаць ва Украіну, я быў зараджаным патрыётам. Я паверыў, што там нейкія нацфармаванні, "Правы сектар", "Айдар", "Азоў". Плюс нагледзеўся фільмаў — "Санцапёк", "Апалчэначка". Плюс у тэлеграме і тэлевізары ўсе каналы заточаныя пад тое, каб нам прапампаваць мазгі.

Але яшчэ пакуль нас ва "Урале" [грузавы аўтамабіль. — Заўв. рэд.] праз мяжу везлі, я зразумеў, што гэта мы — акупанты, мы — фашысты. Я "бартавым" быў — гэта значыць з краю борта [грузавіка] сядзеў. Назіраючы карціну, якая праплывае міма. Якая застаецца пасля нас. Усе гэтыя разбураныя харкаўскія вёскі. Я зразумеў, што мы рэальна краіну знішчаем. Разам з мірным насельніцтвам.

Праз населены пункт праязджаеш — дзеці выбягаюць на дарогу і жэстамі табе паказваюць услед: альбо "пакурыць", альбо "паесці". У мяне проста ў галаве не ўкладвалася гэта. Свет перакульваецца, пустата ўнутры, ты разумееш, што ўсё тваё жыццё да гэтага часу — фікцыя. Мыльная бурбалка.

Так мы даехалі да Ізюма [ў Харкаўскай вобласці]. На перадку я быў тры дні — і зноў зразумеў, калі наша арта па нас жа і ўдарыла. Потым пачаліся гэтыя дурныя загады…

Я нямала праслужыў і разумею, калі мяне адпраўляюць на забой. І чалавек з вялікімі пагонамі пайшоў на хер адразу: "Я не разменная манета, я вайсковец расійскага войска — мяне проста так у расход нельга пускаць". На што ён мне адказаў: "Дык вы ж проста мяса . Вы трэці склад гэтага батальёна. Ведаеце, дзе папярэднія два здохлі? І вы тут здохнеце". А майму камандзіру групы ён сказаў: "Адпраўляй сваё мяса наперад".

Гэта яны спрабавалі прасоўвацца і кідалі нас на апорны пункт УСУ [Узброеных сіл Украіны], дзе і танкі працавалі, і артылерыя, і кулямёты. І там было да роты асабовага складу — а нас усяго 40 [чалавек].

Ты раніцай там прачынаешся адным чалавекам — а пад вечар ты ўжо іншы. Метамарфозы з табой адбываюцца такія, што страшна становіцца. Ад таго, як ты сляпы быў. І глухі.

"Они все там погибнут": что думают о мобилизации те, кто уже побывал в Украине
Цела загінулага расійскага вайскоўца на ўскраіне Ізюма / Gleb Garanich / Reuters / Scanpix / LETA

Я паляжаў два ці тры дні ў акопе — і выехаў на першай-лепшай машыне. Скокнуў у першы ж транспарт, які паехаў ад нашых пазіцый па харчаванне і боепрыпасы. Мне спачатку сказалі, што "адмоўнікаў не бяром", але я не разгубіўся: "У мяне аўтамат, так што ты мяне цяпер у кожным разе возьмеш".

Даехаў да Ізюма, дзе наш штаб быў, прадставіўся, заявіў, што ўсё: афіцыйна адмаўляюся. Пачалася праца псіхолагаў, зампалітаў. Пачалі нас угаворваць, абяцаць залатыя горы…

А потым я трапіў у Бранку, адкуль жорсткіх адмоўнікаў адразу везлі ў невядомым кірунку. Тады я вырашыў хітрыць. Сказаў усім: "Хлопцы, вы чаго, я не адмоўнік — мне трэба па сямейных [абставінах] з'ездзіць. У адпачынак — і назад! Я столькі ўкропаў паклаў, у мяне рукі па локаць у крыві. Мой узвод — звяры, яны без мяне нікуды не пойдуць". Намаляваў, відаць, пераканаўча — вырваўся.

Думаю, [мабілізацыяй] проста зацягваюць [вайну] да маразоў. Да моманту, калі Еўропа замерзне. Я не разумею, як наогул можна змяніць ход гэтай вайны. Страты будуць велізарныя: калі цяпер на адным, умоўна, квадраце сядзяць 10 чалавек пяхоты, то зараз на гэтым жа квадраце будуць сядзець 100 чалавек. Пад [украінскай] артылерыяй.

Каб пачаць "дзяўбці ўкропаў", як яны [прыхільнікі вайны] пра гэта гарлапаняць, да іх яшчэ дабрацца трэба! А як гэтыя 300 тысяч чалавек з аўтаматамі змогуць на нешта там [на перадавой] паўплываць? Гэта ж натоўп, ненавучаны натоўп. Нават прафесійныя вайскоўцы, калі яны [аказваюцца] без падтрымкі авіяцыі і танкаў, гэта ўсяго толькі натоўп. Яшчэ пры мне танкаў і авіяцыі ўжо не было, а артылерыя біла міма. А часам — па нас.

Я спісваюся цяпер з таварышам, які застаецца на перадавой. Паведаміў яму, што, маўляў, мабілізацыя. "Ды чулі. А толку". Вось яго цытата: "А толку"! Усе разумеюць, што ад мабілізацыі толку няма. Там цяпер нават людзі, якія нешта ўмеюць, аграбаюць. А гэтыя [навабранцы] не ведаюць наогул нічога!

У мяне, напрыклад, таварыша мабілізавалі. Ён марак, у 2005 годзе дэмбельнуўся, усё жыццё ў шахце прапрацаваў! Калі ён мне сказаў, што яго мабілізавалі, у мяне мозг адключыўся адразу. Забралі і іншых знаёмых: некаторыя ўсё жыццё пастухамі былі, атары пасвілі. Яны не памятаюць, як з аўтамата страляць!

Шахцёры, беспрацоўныя, пастухі, рознарабочыя. Іх забіраюць з пасёлкаў і невялікіх гарадоў. Людзей, якія не ведаюць нічога ў гэтым жыцці.

"Они все там погибнут": что думают о мобилизации те, кто уже побывал в Украине
Мабілізацыя ў Крыме. 27 верасня 2022 года / Alexey Pavlishak / Reuters / Scanpix / LETA

Сваяк мне днямі патэлефанаваў: "Я паехаў [на фронт] — што трэба ўзяць?" Я параіў купіць тэрмабялізну, шкарпэткі, навучыцца вельмі хутка капаць [акопы] і вельмі хутка бегаць. Страляць ім, магчыма, і не давядзецца. Прыехаў — кінулі цябе ў лесапасадку — ляжы. Як мог, яму лайфхакаў накідаў, але сярэдняя працягласць жыцця на пярэднім краі — да трох тыдняў. Хто па паўгода служыць, тыя занадта фартовыя проста.

Нават пры гэтай мабілізацыі ёсць шмат пралазаў, каб туды не паехаць. Зламаць сабе палец або адсекчы яго. Сесці на зону. Гэта не выйсце хіба? З зоны больш шанцаў вярнуцца жывым. Калі мяне выклічуць, я напішу адмова — за яго па законе мне належыць да трох гадоў.

Я лепш выберу тры гады зоны, чым паеду туды. Шанц выжыць там настолькі маленькі... Мне адзін [знаёмы] сказаў: "Зона — пляма на ўсё жыццё!" А рукі ў крыві наогул не адмываюцца.

Але нікому з [мабілізаванай] радні ці знаёмых [я, вядома, адкрыта] не рэкамендую ламаць сабе пальцы, здавацца або разварочвацца з фронту назад, таму што гэта падбухторванне да парушэння закона. Яны ж не былі там, яны вузенька пакуль думаюць — думаюць, што "мы ўсё правільна робім". І калі хтосьці з іх бракне [паведаміць у органы], дык мяне пасадзяць.

Цяпер наогул страшна: 1922–1939 гады — вось яны пачынаюцца зноў, праз сто гадоў. А вельмі хочацца ім [мабілізаваным] сказаць, вядома, каб яны развярнуліся — колькі іх там будзе — і пайшлі ў бок Масквы, блін.

Ды нават і тыя, каму я спрабаваў нешта тлумачыць, мяне не паслухалі. На словах ніхто не верыць, разумееце? Я такі самы быў — і мяне калісьці людзі, якія ўжо пабывалі ва Украіне, спрабавалі адгаворваць. Тэлефанавалі проста з перадка і казалі: не ўздумай.

У іх [цяперашніх мабілізаваных] я бачу сябе трохмесячнай даўнасці. Але спагады ў мяне да іх няма. Калі ёсць выбар у цябе, выберы жыццё! Так, у турме, так, дзяржава будзе лічыць цябе злачынцам — але сам для сябе ты не станеш злачынцам. Ты нікога не заб'еш. Ты нікога не застрэліш.

Рэальна мы — фашысты. Мы — фашысты. Тут няма ніякага іншага слова. Ва Украіне цяпер сапраўды дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя — але не для Украіны, а для нас.

"Они все там погибнут": что думают о мобилизации те, кто уже побывал в Украине
Расійскія мужчыны спрабуюць перайсці мяжу з Грузіяй у пункце пропуску "Верхні Ларс" / Zurab Kurtsikidze / EPA

Анатоль, найміт

Мне таксама днямі позва прыйшла. Я адразу ж патэлефанаваў ваенкаму і паслаў яго на тры літары. Ваенкам абразіўся: "Чаго вы так са мной размаўляеце?" А як з табой размаўляць, таварыш палкоўнік? Я паўгода там [ва Украіне ў складзе ПВК "Рэдут"] адтарабаніў — вы што, здзекуецеся хіба?

"А ў нас няма інфармацыі, што вы адтуль толькі што вярнуліся!" Вядома, "Рэдут" гэтай інфармацыяй [з ваенкаматам] не падзяліўся — нас жа там афіцыйна як бы і не было.

Але ваенкам і так выдатна ведае, хто яму нахаміў: я прадставіўся, усе справы. Сказаў мне: "Ну, прыязджайце, разбірацца будзем". Я не паеду, вядома, — выдатна разумею, што на мяне там кайданкі надзенуць, пасадзяць у цягнік і павязуць куды-небудзь далей.

Мне куча хлопцаў мабілізаваных патэлефанавала ўжо: "Што рабіць? Куды дзявацца?" Едзьце, кажу, служыце. Падказаў, якія берцы купіць, як сябе паводзіць там.

У маіх знаёмых у некаторых толькі што дзеці нарадзіліся — па ідэі, такіх не маюць права прызываць. Але ўсё роўна прызываюць. Людзі за галаву хапаюцца: не ведаюць, што рабіць. Шмат у каго ж крэдыты, іпатэкі — хто гэта ўсё будзе аплачваць?

Я не разумею, што гэты натоўп там будзе рабіць. Калі мы, прафесіяналы, кухталёў там выхоплівалі, то яны куды? У лепшым выпадку застануцца ў рэзерве [ў тыле ў Данбасе]. У горшым — загінуць смерцю адважных. Два варыянты.

Асабліва калі іх пасля тыдня навучання [на фронт] будуць кідаць. Тыдзень — гэта наогул нішто! Баявое зладжванне [падраздзяленняў] павінна ісці хоць бы месяц-паўтара.

На фронце не стае якраз прафесіяналаў. Адукаваных камандзіраў, напрыклад: частку ўжо выбілі, частку [неадукаваных] яшчэ не дабілі. Пацаны, з якімі мы разам у ПВК былі, тэлефануюць: "Давай вяртайся, ты нам патрэбны!" Найміты, калі туды [ва Украіну] заходзяць, на перадок ідуць на самы. І пра мабілізаваных гэтых ведаць не ведаюць.

А гэтыя [мабілізаваныя] айцішнікі і да таго падобнае мяса — ну што яны зробяць? Нічога не памяняюць [на фронце] і не вырашаць. У знаёмай сын год адслужыў — і яму таксама позва прыйшла. Ён на сваёй тэрміновай службе пораху не нюхаў, дай бог пару разоў з аўтамата пастраляў за ўсю службу. Ну вось куды яго, куды? Што з ім там будзе? Я проста не разумею. У мяне ў галаве не ўкладваецца.

Навошта тады набіраюць гэтыя 300 тысяч? Думаю, будзе поўнае супрацьстаянне: НАТА супраць Расіі. Спадзяюся, мабілізаваных адразу на перадок кідаць не стануць і пакуль будуць толькі рыхтаваць. Каб быў рэзерв у стане баявой гатоўнасці. Каб потым [у выпадку прамога канфлікту з НАТА] толькі каманду "фас" далі — і ўсё, паперлі.

Усім страшна. Мне таксама страшна, шчыра табе кажу. Нейкая жэсць, чую, будзе на поўны рост.

"Они все там погибнут": что думают о мобилизации те, кто уже побывал в Украине
Акцыя пратэсту супраць мабілізацыі. Пецярбург, 21 верасня 2022 года / Алена Лук'янава, спецыяльна для "Новой газеты. Европа"

Цімур, найміт

Гэтыя 300 тысяч спартанцаў-абрыганцаў памруць першымі. Але нічога, трэба і ім трошкі прывыкаць да рэчаіснасці. Яны вельмі шмат гадоў былі пад купалам, пакуль мы трымалі ўсё гэта [сілы НАТА] на адлегласці. Але і ў атлантаў таксама сілы абмежаваныя.

Я не зусім разумею, [навошта патрэбная мабілізацыя], але не задаю лішніх пытанняў. Хутчэй за ўсё, максімум 15% ад мабілізаваных рэальна адправяцца на фронт. Большасць гэтых дэбілаў не паедзе на перадок, а заменіць людзей у дзейных прымежных часцях. Іх функцыянал гэта дазволіць захаваць, а сапраўдных вайскоўцаў перакінуць адтуль [ва Украіну].

Рэальная праблема цяпер не ў мабілізацыі, а ў тым, што прафесіяналам [наймітам] не плацяць. Калі б плацілі тыя бабкі, якія абяцалі... Арганізуйце вы нармальныя пастаўкі экіпы і нармальныя заробкі! Чалавек атрымлівае 0,5 [мільёна рублёў] на картку — і чалавек прэ [на фронце] так, што яго *** [не] спыніш.

Прафесіяналаў трэба збіраць, а не ўвесь гэты зброд. Гэтыя [мабілізацыйныя] "падмацаванні" на перадку нікому не ўперліся — людзі, якія там рэальна ваююць, чакаюць, каб нарэшце пачалі нармальна плаціць. Пачніце вы даводзіць бюджэты да выканаўцаў — і там [на фронце] ўсё паляціць.
 

Чынгіз, кантрактнік

Гэта [мабілізацыя] сведчанне таго, што войска разбіта. І прызываюць усіх запар. Многія гэтага не разумеюць, але гэта так і ёсць: кадравае войска за гэтыя паўгода знішчылі — і цяпер прызываюць ужо рэзерв.

Я сам быў кантрактнікам, [нават] у нас была слабая падрыхтоўка. Нейкія фотасправаздачы [з вучэнняў] адны — а па выніках [на фронце] аказалася, што гэта ўсё пацёмкінскія вёскі.

Нават у нас былі вельмі вялікія страты. А цяпер гэта проста натоўп людзей, якім выдалі форму. Прычым старую — нейкіх нулявых гадоў. І на што яны там [на перадавой] паўплываюць? Толькі загінуць дарма. Гэта проста цывільныя людзі, якія калісьці служылі.

"Они все там погибнут": что думают о мобилизации те, кто уже побывал в Украине
Целы расійскіх салдат, якія загінулі ва Украіне. Харкаў, 5 траўня 2022 года / Felipe Dana / AP / Scanpix / LETA

Тыя, хто цяпер там [ва Украіне], проста хочуць дадому. Хочуць, каб іх замянілі — каб хоць нехта прыехаў іх замяніць. Нават тыя [мае калегі], хто падтрымліваў гэтую вайну, хацелі [з Украіны] дадому: "Вось трэба хоць бы адпачыць месяц-два дома, а потым вярнуцца і дабіць фашысцкую поскудзь".

Наша брыгада была пад Кіевам. Як толькі нас увесну адтуль вывелі, я адразу напісаў адмову. А як прыехаў [з Украіны], дык адразу і звольніўся. Не хацеў у гэтым удзельнічаць. Але я ж усё роўна ў запасе: пасля звальнення стаў на ўлік. Лічуся. Чакаю позвы — не ведаю, будзе ці не. Пакуль не было. Фактычна я пражываю ў горадзе Улан-Удэ, але месца прапіскі ў мяне іншае. Да таго ж я нядаўна нумар тэлефона памяняў. Можа быць, мне і тэлефанавалі на стары, а я не ведаю.

Жончыным сваякам прыйшлі позвы. Знаёмага, які нядаўна звольніўся [з кантрактнай службы], таксама цяпер забралі. Кажа, што шмат кіроўцаў бяруць. Сам я чуў, што ў асноўным артылерыстаў прызываюць: знаёмаму ў запасе з яго [роднага] сяла патэлефанавалі, што "табе позва прыйшла". А калі ён прыехаў, яму кажуць: "А ўсё, мы план выканалі. Ты вольны".

Знаёмы, якога мабілізавалі, ужо праз два тыдні павінен паехаць туды [ва Украіну]. У прынцыпе, ён супраць вайны. Але ён так ставіцца... Я не разумею яго. "Ну добра, прызвалі, чаго ўжо, паеду". Пакорліва так. Мне гэта не падабаецца — я спрабаваў яго пераканаць. Але ён адказвае: "А што, дзясятку сядзець ці што? Лепш дапамагу пацанам". Вось гэтая фраза стандартная — "трэба дапамагчы пацанам"... Усе нармальныя пацаны ўжо з'ехалі адтуль.

Я задумваўся, адкуль гэтая пакорлівасць. Быццам спрабуеш растлумачыць людзям, што Расія — агрэсар, Пуцін — агрэсар. Што "абарона Радзімы" ў чужой краіне, калі знішчаюцца гарады, — гэта неяк дзіўна ўсё выглядае. Што Украіна не нападала першай — што Расія напала. Але ў іх адзін аргумент: "Ну вось калі б НАТА прыйшла! І наогул хахлы — бандэраўцы". Вось так вось. Я не ведаю, адкуль гэта ўсё [ў іх у галовах] бярэцца.

Я кажу: "Ну прыйшла б НАТА — табе што, горш стала б жыць? А цяпер ты, тыпу, добра жывеш?" У іх няма ніякіх рэальных аргументаў нават, чым дрэнная НАТА, — проста паўтараюць мне ў адказ нейкія кісялёўскія і салаўёўскія мантры. Што "Расія вымушаная была нанесці гэты прэвентыўны ўдар, інакш НАТА падышла б ушчыльную да нашых межаў".

А калі я расказваю, што бачыў там [ва Украіне], — яны не разумеюць гэтага. Ну, вераць афіцыйным СМІ. Кажуць: "украінцы самі сябе бамбяць", "а калі каго і закранула з расійскай зброі, то гэта выпадкова".

Але я ім асаблівых падрабязнасцяў і не расказваў. На ўсялякі выпадак. Калі і расказваю, то ў агульных рысах. Часам раю: "Едзьце ў Манголію лепш". Тры гадзіны язды ад Улан-Удэ да мяжы.

Я наконт пуцінскай улады ніколі ілюзій не меў. У 2014 годзе мы адціснулі Крым і Данбас — зразумела, што гэта была агрэсія. Я так і ставіўся да гэтага. А па кантракце пайшоў служыць, проста каб на працу ўладкавацца: не думаў, што пачнуцца яшчэ нейкія войны захопніцкія. У нас часцей шмат, паўгорада служыць: а восьмай раніцы ідуць у часць, а шостай вечара дадому — як звычайная праца.

Мы туды [ва Украіну] паехалі ў студзені — і сапраўды ўсе думалі, што проста на вучэнні. Я хіба што падазраваў, што гэта яшчэ і гульня мускулаў такая — перад Зяленскім. Дэманстрацыя сілы. Але не думаў, што будзе паўнавартаснае ўварванне. А 22 лютага нам сказалі, што "будзем заходзіць". Што "там усё нармальна" і нас там "сустрэнуць кветкамі". З намі ехаў АМАП з дубінкамі і шчытамі — гэта значыць разлічвалі, відаць, проста на мітынгі нейкія, якія АМАП будзе разганяць. А потым прыплылі: вайна пачалася. Сапраўдная.

Я там убачыў небаяздольнасць расійскага войска. Мы проста ехалі наперад — і нас пастаянна бамбілі. Потым усталі пад Кіевам, акапаліся — і нас зноў бамбілі. Вось і ўся вайна.

Цывільныя ўцякалі ад нас: мы заходзілі ў пустыя пасёлкі. Сем'і, якія засталіся, вывешвалі белыя сцягі і не выходзілі з дому. У Бузавой [пад Кіевам] бачыў сям'ю з дзіцем, якое хварэла. Маці яго плакала — я сам бачыў — і казала, што не можа хуткую выклікаць. Праз вайну, зразумела. Дзіця хварэла вельмі моцна. Пяць гадоў [яму было]. А праз пару дзён я даведаўся, што яно памерла. Атрымліваецца, яно праз нас памерла. Праз тое, што мы туды прыйшлі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі