Японія прапаноўвае жыхарам менш працаваць і больш нараджаць — #ІхНоравы

Навіны свету за 9 снежня

Навіны свету за 9 снежня / @rubanau_collage

Галоўнай навіной апошніх дзён стала падзенне рэжыму дыктатара Башара Асада ў Сірыі. Але і апроч гэтага ёсць, што абмеркаваць.

Напрыклад, як аднавілі пасля пажару сабор Нотр-Дам у Парыжы. Або ці дапаможа даць людзям дадатковы вольны ад працы дзень дзеля павышэння нараджальнасці.

Ну і пра зорныя плёткі ніхто не забываўся, тым больш, гэтым разам справа дайшла да суда — і тычыцца вядомага рэпера і гвалту над 13-гадовай.

Чытайце пра гэта ў нашым традыцыйным аглядзе сусветных навін.

Японцам дадуць час на сям’ю

Улады Японіі наважыліся правесці ў Токіа эксперымент. У сталіцы з красавіка 2025 года скарачаецца працоўны тыдзень да чатырох дзён.

Эксперты лічаць, што меншая загружанасць па працы дасць японцам магчымасць больш часу аддаваць адносінам і сям’і. А меншы ўзровень стрэсу павысіць дэмаграфічную прадукцыйнасць. Так, мэта гэтага эксперыменту адзіная — павысіць нараджальнасць у краіне.

Японцы — нацыя, якая імкліва сталее, пры тым што колькасць насельніцтва імкліва падае. Толькі ў гэтым годзе нараджальнасць знізілася на 5,7% у параўнанні з мінулым годам.

А каб толькі падтрымліваць больш-менш тую самую колькасць насельніцтва, каэфіцыент нараджальнасці павінен складаць не менш за 2,1. Цяпер жа японкі нараджаюць у сярэднім максімум двух дзяцей.

Акрамя чатырохднеўкі бацькам дазволяць працаваць на дзве гадзіны менш — каб астатні час прысвяціць сям’і.

Нотр-Дам аднавілі

У сацсетках жартуюць, што цяпер жыццё ва ўсім свеце павінна пайсці наўзлёт — Нотр-Дам-дэ-Пары адчыніўся пасля рэстаўрацыі. Вялікі пажар у самым знакамітым саборы свету здарыўся ў красавіку 2019-га.

Японія прапаноўвае жыхарам менш працаваць і больш нараджаць — #ІхНоравы
Нотр-Дам пасля рэстаўрацыі / Ludovic Marin / Reuters / Scanpix / LETA

Прыхільнікі канспіралагічных тэорый упэўненыя, што ад моманту, як абваліўся 750-тонны шпіль, усё пайшло пад адхон — пачалася вялікая вайна ва Украіне, абвастрыўся канфлікт паміж Ізраілем і Палестынай, наспелі палітычныя змены ў ЗША…

Цяпер усё павінна наладзіцца! Нездарма ж на ўрачыстую цырымонію адкрыцця сабора Парыжскай Маці Божай з’ехаліся кіраўнікі 40 дзяржаў — у тым ліку Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі. І ўвесь гэты бамонд стоячы вітаў пажарных і ратаўнікоў, якія пяць гадоў таму тушылі пажар.

На аднаўленне Нотр-Дама выдаткавалі каля 700 млн еўра. Рэстаўрацыя адбывалася па чарцяжах XIX стагоддзя.

На даху сабора зноў стаіць шпіль, аднавіліся гаргуллі і часткі ўнутранага ўбрання. Алтар будзе новы.

У наступным годзе працы працягнуцца — на ўмацаванне гатычнага будынка спатрэбіцца яшчэ 140 млн.

У саборы аднавіліся каталіцкія набажэнствы і па папярэднім запісе будуць прымаць паломнікаў.

Jay-Z адмаўляе гвалт над 13-гадовай

Скандал вакол секс-вечарын рэпера P. Diddy атрымаў новы паварот. Цяпер пад пагрозай рэпутацыя рэпера Jay-Z, мужа Беёнсэ, якога раней бачылі на здымках гэтых сумнеўных тусовак. Супраць Jay-Z падалі грамадзянскі пазоў — яго абвінавачваюць у згвалтаванні 13-гадовай дзяўчынкі, здзейсненым разам з P. Diddy.

Інцыдэнт адбыўся ў 2000 годзе. Абвінавачанні супраць Шона Картэра (сапраўднае імя рэпера) былі выстаўленыя асобай, імя якой не раскрываецца.

Японія прапаноўвае жыхарам менш працаваць і больш нараджаць — #ІхНоравы
P. Diddy (злева) і Jay-Z / Kevin Mazur

У пазове гаворыцца, што дзяўчына хацела патрапіць на цырымонію MTV Video Music Awards, але ў яе не было квітка. Тады юначка пачала пытацца ў кіроўцаў лімузінаў, якіх прывезлі зорак, як патрапіць хаця б на вечарыну пасля шоў.

Адзін з кіроўцаў ёй сказаў, што працуе з Дзідзі. Так дзяўчынка патрапіла на вечарыну, дзе, як яна сцвярджае, ужыла напой, пасля якога адчула сябе “адурманенай”. Потым яе распрануў і згвалтаваў Jay-Z, а пасля далучыўся P. Diddy.

Цяпер жанчына патрабуе кампенсацыі, але яе памер не раскрываецца.

У адказ Jay-Z пагражае звярнуцца ў суд не з грамадзянскай, а з крымінальнай позвай — і называе ўсё паклёпам. У сваю абарону ён кажа, што такія паводзіны — “не па паняццях” для простага хлопца з Брукліна: “У нас вельмі строгія кодэксы і гонар. Мы абараняем дзяцей”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі