Ярмошына лічыць, што мясцовыя выбары прывядуць новых людзей у палітыку
У цяперашняй выбарчай кампаніі прыме ўдзел даволі шмат кандыдатаў-індывідуалаў. Пра гэта журналістам заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына перад пачаткам семінара-вучобы з кіраўнікамі і арганізатарамі кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Мерапрыемства адбываецца ў Віцебску.
Па словах чыноўніцы, большасць зваротаў, якія цяпер паступаюць у ЦВК, датычаць парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Аўтары зваротаў высвятляюць нюансы дэкларавання маёмасці, выкарыстання сродкаў выбарчага фонду, вядзення агітацыі і г.д. "Усё гэта сведчыць аб тым, што ў нас дастаткова шмат уступае ў барацьбу кандыдатаў-індывідуалаў. Таму што, як правіла, тыя, хто ідзе на выбары ад партыі, больш дасведчаныя ў такіх дэталях і пытаннях. Так што ў нас будуць нечаканыя асобы і з'явяцца новыя палітыкі. Тыя, якія цяпер паўдзельнічаюць у выбарах", — цытуе БЕЛТА словы Ярмошынай.
Першы з рэспубліканскіх семінараў па працы тэрытарыяльных камісіяў прайшоў 5 снежня ў Мінску. Такія мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп будуць прымацца па 14 снежня ўключна. Кандыдаты могуць вылучацца з 10 снежня па 8 студзеня ўключна.
Дэпутатам мясцовага Савета можа быць абраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй праз сваю прафесійную дзейнасць. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Мясцовыя выбары адбудуцца 18 лютага 2018 года.