Ярмошына можа атрымаць спецыяльны прыз у галасаванні “Сэксіст года”

Прэмію маюць прысудзіць за найбольш адыёзныя публічныя выказванні, якія можна лічыць яскравымі праявамі сэксізму.

На сайце ініцыятыўнай групы цяпер ідзе галасаванне пра трох намінацыях — “Сэксіст года” (асабісты залік), “Сэксісцкая рэклама года” (камандны залік), “Спецыяльны прыз для жанчынаў за антыжаночыя выказванні”.

У апошняй намінацыі з’явілася і старшыня беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна туды трапіла за вядомае выказванне на прэс-канферэнцыі па выніках выбараў: “…гэтым жанчынам няма чаго рабіць. Сядзелі б у хаце, боршч варылі, а не па плошчах гойсалі”.

Арганізатары галасавання палічылі, што старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі транслюе сэксісцкія стэрэатыпы пра тое, што “месца жанчынаў на кухні” і што ў палітыцы ім не месца. “Гэта гучыць асабліва цынічна, улічваючы абставіны: жанчынаў, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі ў Мінску, жорстка збіваў АМАП (зрэшты, гэтаксама, як і мужчынаў)”, — рэзюмуюць арганізатары галасавання.

Дарэчы, на дадзены момант спадарыня Ярмошына ў гэтай намінацыі вырвалася ў абсалютныя лідэры — удзельнікі інтэрнэт-галасавання аддалі ёй болей за 2 тысячы галасоў, а гэта 91%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі