Ярмошына заявіла, што на адной з выбарчых акруг адбылася правакацыя
Правакацыяй назвала Лідзія Ярмошына выпадак Дзяніса Краўчука, які здолеў прагаласаваць на двух выбарчых участках у Мінску, перадае БЕЛТА.
Відэа з галасаваннем маладаго чалавека з'явілася ў інтэрнэце напярэдадні. Дзяніс Краўчук паказаў, як яму ўдалося прагаласаваць на двух участках. Інцыдэнт атрымаў шырокі розгалас.
Лідзія Ярмошына заявіла, што малады чалавек падмануў выбарчыя камісіі: "У адным месцы ён прад'явіў дагавор аб найме жылога памяшкання. А ў другім — склаў слязлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакументы альбо іх мама хавае. І чуллівыя настаўнікі, якія сядзяць у выбарчай камісіі, дазволілі яму прагаласаваць".
Здарэнне з Краўчуком незалежныя назіральнікі і апазіцыя назвалі пацвярджэннем выбарчых каруселяў, калі адны і тыя ж людзі галасуюць на розных участках. "Адразу магу сказаць, што гэта трызненне", — падкрэсліла Ярмошына.
На яе думку, гэты выпадак гаворыць пра няўменне чальцоў выбаркамаў супрацьстаяць подласці і хітрасці. Па словах Ярмошынай, камісія нясе службовую адказнасць, бо дазволіла сябе падмануць. Разам з тым кіраўніца Цэнтрвыбаркама абурылася ўчынкам маладога чалавека: "Калі з аднаго боку наіўнасць, то з другога — глупства, подласць і адкрытая правакацыя".