Яшчэ аднаго беларуса высылаюць з Украіны
Міграцыйная служба Украіны высылае яшчэ аднаго беларуса. Дзянісу Дашчынскаму паставілі ў пашпарт штамп аб прымусовым выездзе да 8 ліпеня. Таксама яму прызначылі максімальны штраф — нібыта за парушэнне тэрмінаў легальнага знаходжання ва Украіне.
Пра гэта напісала ў сацсетках праваабаронца Анісія Казлюк. Па яе словах, калі няма візы, выехаць можна ў Малдову, але адтуль могуць не пусціць назад ва Украіну. "Некаторыя вымушаныя з'язджаць у Беларусь", — канстатуе праваабаронца.
У першыя месяцы пасля пачатку вайны ўкраінскія службы не прымалі ў беларусаў дакументы для атрымання відаў на жыхарства або працягу легальнага статусу. Беларусы пратэрміноўвалі легальнае знаходжанне не па сваёй віне. Але цяпер украінскія чыноўнікі не бяруць пад увагу гэтыя акалічнасці: беларусаў і высылаюць з краіны за тое, што яны нібыта парушылі міграцыйнае заканадаўства.
Дарэчы, Анісія Казлюк сама была ў такой сітуацыі, хаця ва Украіне займалася валанцёрствам. Яе высылку адмянілі толькі пасля таго, як Офіс Ціханоўскай звярнуўся да высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і народных дэпутатаў. Праўда, і пасля гэтага ў дзяўчыны не прынялі дакументы на падаўжэнне віду на жыхарства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.