Яшчэ не позна прыняць рашэнні — Джулі Фішэр аб пасланні Аляксандру Лукашэнку

Джулі Фішэр / t.me/latushka
Джулі Фішэр / t.me/latushka

Аляксандру Лукашэнку яшчэ не позна прыняць тыя рашэнні, якія б пайшлі на карысць беларускаму народу, лічыць прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат", адказваючы на пытанне, якое б пасланне дыпламат адрасавала беларускім уладам.

"Думаю, гэта было б "яшчэ не позна". Яшчэ не позна прыняць тыя рашэнні, якія прынясуць карысць народу Беларусі", — сказала Джулі Фішэр.

ЗША "яшчэ могуць дапамагчы ў гэтай сітуацыі". Пры гэтым яна падкрэсліла, што ў Вашынгтоне разумеюць важнасць суверэнітэту Беларусі.

"Ёсць рашэнні, якія будзе прымаць Лукашэнка, і ёсць рашэнні, якія будуць прымаць яго асяроддзе і спецслужбы. Рашэнні будуць тычыцца таго, што яны хочуць ці не хочуць рабіць. Я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі Беларусь стане сучаснай еўрапейскай краінай. Яны ўжо могуць нешта зрабіць, каб падрыхтаваць глебу для гэтага", — патлумачыла Джулі Фішэр.

Амерыканскі дыпламат пракаментавала і размарозку санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Яна нагадала, што абмежаванні былі адноўлены з-за з'яўлення ў Беларусі вялікай колькасці палітвязняў. Цяпер Вашынгтон хоча паглядзець, ці дадуць гэтыя санкцыі эфект.

"Гэтай вясной мы шмат зрабілі, асабліва пасля таго, як убачылі, што прадстаўнікі ўлады і сілавых структур за апошнія месяцы ўзмацнілі рэпрэсіі па ўсёй Беларусі. Мы будзем шукаць іншыя інструменты ўздзеяння, асабліва ва ўмовах адсутнасці прамога дыялогу",  — сказала Фішэр.

Прызначаны амбасадар Джулі Фішэр не можа прыступіць да працы ў Мінску — ёй не даюць візу. Раней беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей тлумачыў гэтую сітуацыю наступным чынам: у Мінску хацелі б разумець, "у якім статусе спадарыня прызначаны амбасадар мае намер працаваць у Беларусі". Паводле яго слоў, "калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта".

У інтэрв'ю "Белсат" Фішэр таксама пракаментавала гэтыя словы Макея  — сказала, што для амерыканскіх дыпламатаў "было б непрымальным згаджацца на нейкія абмежаванні нашай дзейнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі