Яўгенія Пастарнак: У нас увесь час абараняюць правы двоечнікаў, а не выдатнікаў

Яўгенія Пастарнак: У нас увесь час абараняюць правы двоечнікаў, а не выдатнікаў

Міністэрства адукацыі прапануе адмяніць экзамены ў 5 клас у гімназіях, а школьныя праграмы зрабіць такімі ж, як у звычайных школах. Да чаго гэта прывядзе, і ці можна паўплываць на чыноўнікаў, разважаем з пісьменніцай Яўгеніяй Пастарнак, якая вядзе перапіску з Мінадукацыі.

Глядзець трансляцыю цалкам можна тут:

Прапануем цытаты з размовы:

Пра перапіску з чыноўнікамі

 “Уся перапіска і сустрэчы з чыноўнікамі далі тое, што Мінадукацыі вымушанае было агучыць свае планы. Чыноўнікі ўжо сказалі, што рашэнне пра гімназіі да канца не прынятае. Гэтага я і дамагалася. Бо такія рашэнні не прымаюцца толькі міністрам адукацыі. Гэта трэба абмяркоўваць са спецыялістамі. А ці спыталі настаўнікаў, дырэктараў школ?”

Пра двоечнікаў і выдатнікаў

“У нас увесь час абараняюць правы двоечнікаў, а не выдатнікаў. Чыноўнікі даслоўна кажуць, што, калі непаспяховы вучань трапляе ў гімназію, яму цяжка вучыцца. А як ён туды трапіў? Ну давайце дадзім магчымасць выключаць такіх вучняў”.

Пра экзамены ў гімназію

“Бацькі робяць з паступлення ў гімназію каласальную праблему. У мяне абедзве дачкі ў гімназіях, і я бачыла, што гэта такое. Стаіць 200 чалавек бацькоў пад сценамі, калі ідзе экзамен і палове дрэнна. Нехта плача, некаму выклікаюць “хуткую”. Але катастрофы ж няма. Ну, не паступіў чалавек, потым паступіць”.

“Экзамены ў гімназію спрасціліся. У маіх дачок розніца ва ўзросце сем гадоў. І калі паступала старэйшая дачка, на экзаменах па матэматыцы была задача з зорачкай, на якой адсейвалі слабых дзяцей. А цяпер, калі паступаюць, у паловы 10 на экзаменах. Фактычна, гэта стаў экзамен па чыстапісанні”.

Пра таленавітых дзяцей і настаўнікаў

“Больш за ўсё гэтае рашэнне аб гімназіях ударыць па таленавітых дзецях і настаўніках. Настаўнікі маюць магчымасць працаваць з таленавітымі дзецьмі, і яны з многім мірацца. А так, яны проста сыдуць на іншую працу. Ну і цяпер давядзецца раней наймаць рэпетытараў, каб падрыхтавацца да экзаменаў за дзявяты клас”.

Пра ўплыў на чыноўнікаў

“Шанец пераканаць чыноўнікаў ёсць. Гарачае абмеркаванне моцна збівае градус, бо чыноўніку выгадна, каб яго не абмяркоўвалі. А цяпер адзін скандал перацякае ў іншы, і чыноўнікам гэта нявыгадна. Калі да нас цяпер падключацца настаўнікі і дырэктары, гэта дапаможа. Але і бацькі ж таксама ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Няясна, чаму іх не пытаюць пра рэформы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі