Ёгурты не падаражэюць, а супрацоўнікаў Белага дома ніхто не ўкусіць — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / @rubanau_collage

Учора наш дызайнер сказаў, што больш не вывозіць навінавую стужку, і папрасіў пашукаць у свеце навін, пасля якіх не прыйдзецца падвойваць дозу антыдэпрэсантаў. Улад, для цябе.

 

Больш нікога не ўкусяць

Агенты сакрэтнай службы ў ЗША не вельмі любяць нямецкую аўчарку прэзідэнта.

Паводле дакументаў, якія трапілі ў сеціва, з кастрычніка 2022 года да ліпеня 2023 года сабака Джо Байдэна кусаўся як мінімум 24 разы. Ён кусаў супрацоўнікаў сакрэтнай службы за запясце, перадплечча, локаць, талію, грудзі, сцягно і плячо.

Колькі разоў былі ўкушаныя іншыя асобы з асяроддзя Байдэнаў, у дакументах не гаворыцца. Але вядома, што адзін раз давялося прыпыніць на 20 хвілін экскурсіі па Белым доме, таму што на падлозе была кроў. Ну, вы зразумелі з-за каго.

Аднаму з агентаў сакрэтнай службы, на якіх напаў прэзідэнцкі сабака, калегі падарылі пярцовы балончык, наморднік і сабачае печыва.

Здаецца, печыва не дапамагло, таму што ўлюбёнец Байдэнаў у Белым доме больш не жыве. Яго перасялілі неўзабаве пасля таго, як летась аднаму з агентаў сакрэтнай службы спатрэбілася медыцынская дапамога па прычыне ўкусу.

Каб вы не падумалі, што мы скончылі на мінорнай ноце, скажам, што сабаку перасялілі да сваякоў Байдэнаў, з ім усё добра! (Спадзяемся, з агентамі цяпер таксама).

 

Магу патлумачыць!

Навіна спадабаецца аматарам аргумента "плясну супам у Джаконду, каб прыцягнуць увагу да праблемы змены клімату". У Каліфорніі бяздомны скраў самалёт, каб... даказаць уладам, што яны дрэнна ахоўваюць аэрапорты!

Пяцідзесяцігадовы бяздомны мужчына праціснуўся праз пралом у агароджы аэрапорта і без ключа змог забрацца ў самалёт. Ён праляцеў каля 40 кіламетраў, а пасля здзейсніў аварыйную пасадку.

У судзе затрыманы сказаў, што лётаць навучыўся ў сваёй роднай Бразіліі. Мужчыну прад'явілі абвінавачанні ў крадзяжы самалёта, але ён віну не прызнаў — відавочна ж, нічога красці ён не збіраўся, а проста хацеў патлумачыць!
 

Чым самалёт лепшы за трактар?

Самалёт у героя папярэдняй навіны завёўся хутка, не тое што трактар (магчыма, беларускі).

Падчас святкавання Нацыянальнага дня моладзі прэзідэнт Эмерсан Мнангагва падарыў Цэнтру прафесійнага навучання моладзі трактар. Кажуць, яго перадалі з Беларусі. Але чалавеку на відэа спатрэбілася амаль дзве хвіліны на тое, каб завесці гэты трактар.

Ніхто нікуды не спяшаецца

Добра, добра, у нас і пра трактар ёсць добрыя навіны! Вось яны.

 

Шакаладу ў нас ніхто не адбярэ!

І яшчэ больш добрых навін! Ёгурты і шакаладкі перастануць даражэць!

Дзве найбуйнейшыя ў свеце кампаніі па вытворчасці спажывецкіх тавараў, Danone і Nestle, заявілі, што рост цэн на іх прадукцыю ў гэтым годзе запаволіцца. Не зусім спыніцца, але хоць бы запаволіцца!

"Данон" кажа, што зусім спыніць цэны яны не могуць, таму што праз кавід і вайну ва Украіне так і не аднавіліся да канца глабальныя ланцужкі паставак.

У "Нестле" таксама скардзяцца на інфляцыю:

"Мы не бачылі такога скачка інфляцыі з 1973 і 1974 гадоў", — заявіў у чацвер журналістам генеральны дырэктар Nestle Марк Шнайдэр.

Але зараз тэмпы інфляцыі рэзка знізіліся, і чакаецца, што многія цэнтральныя банкі пачнуць зніжаць працэнтныя стаўкі. А кампаніі ўслед за гэтым перастануць падганяць рост цэн.

Ну і праўда, гаворка ідзе не толькі пра шакаладкі і ёгурты. Тая ж "Нестле" вырабляе ну вельмі шмат тавараў: ад булённых кубікаў Maggi да шакаладных вафляў KitKat і кавы Nescafe.

"Нестле" адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў пакаваных прадуктаў харчавання. Гэта значыць, перастануць расці цэны адразу на многія прадукты. Добрая навіна, як мы і абяцалі.

Улад, ну як?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі