Ёлачны базар: У нас дрэвы не беларускія, а польскія! (ФОТА)

На ёлачным кірмашы ля гандлёвага дома "На Нямізе" аказваешся нібы ў лесе — ёлкі пахнуць і можна выбраць на любы густ.

“Да метра — ад 65 тысяч рублёў, ад метра да двух — 85, а вышэй за 2 метры — 100 тысяч рублёў. У мінулым годзе не пахлі, а гэты год вельмі добрыя ёлкі”, — запрашаюць прадаўшчыцы набыць навагодняе дрэўца.

Ля “Камароўкі” бабулькі, якія ўлетку прадавалі суніцы ды чарніцы, пераключыліся на ялінкі — вязуць з Асіповічаў, Старых Дарог. Прадаюць галінкі ёлак і соснаў. Прадаўшчыца Тамара кажа, што бярэ ёлку на лесапавале, але галінкі, бачна, абдзёртыя. За галінку жанчына просіць 10 тысяч.

“Вось прадам, з ранку ўжо дзве купілі, добрая прыбаўка на хлебушак, на малачко”, — кажа Тамара. У яе такіх галінак — цэлая сумка, выключна беларускае ноў-хаў — прывязаныя да галінак шышкі, быццам бы прыгажэй. Трэба сказаць, тавар хадавы — за размову да нас падышло мінімум пяцёра пакупнікоў.

На самой “Камароўцы” з самага ранку працуе толькі прыватны ёлачны базар. За 40-сантыметровае дрэва просяць… 120 тысяч! Блакітная ялінка — ад 250 тысяч рублёў.

“Мы праз фірму замаўляем ёлкі ў Польшчы. Беларускія мы спрабавалі, але не параўнаць з польскімі”, — прадавец разводзіць рукамі, маўляў, нявыгадна прадаваць беларускія, не купляюць!

Не паспяваю здзівіцца — як гэта, у Беларусі не беларускія ёлкі — як ўсю ідылію псуе дзядок, які ў шоку ад коштаў:

“Які дурань купіць такія ёлкі?!”.

Прадавец тлумачыць: дрэўцы дарагія, бо ў кадках.

“Бяруць і тыя, і тыя ёлкі, аднолькава. Я не перажываю, што іх не купяць пад Новы год. Мы ж займаемся раслінамі, бачыце, дрэўцы ў кадках, іх пасля Новага года можна прыбраць на балкон ці на дачу адвезці і высадзіць”, — кажа прадавец і прызнаецца, што гандаль так сабе — за ўчора купілі шэсць лясных прыгажунь.

На кірмашы на вуліцы Аэрадромнай ёлкі адны з самых прыгожых, пушыстыя і акуратныя.

Прадавец кажа, што мінчане набываюць многа і ахвотна.

“Мо 50 чалавек за дзень прыходзіць! Глядзіце, якая прыгожая, усё натуральнае”, — прадавец заўважае, што яго ёлкі ведаюць ўсе у акрузе.

Кошт самы розны — вялікая каштуе пад 100-120, меншая — каля 70 тысяч. Прадавец кажа, бізнес выгадны, але, на жаль, толькі раз на год.

Для параўнання, за штучныя ёлкі з Польшчы просяць ад 400 тысяч за 60-сантыметровае дрэва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі