“Ён нас любіў і казаў: мае байцы — найлепшыя ў свеце”: волатавец пра “Брэста”

“Ён нас любіў і казаў: мае байцы — найлепшыя ў свеце”: волатавец пра “Брэста”

Камандзір “Волата” Іван “Брэст” Марчук карыстаўся ў батальёне не проста аўтарытэтам — падначаленыя яго любілі. Баец “Волата”, які пазнаёміўся з будучым камандзірам яшчэ да вайны, расказаў пра яго ў размове з Еўрарадыё. Батальён "Волат" уваходзіць у склад палка Каліноўскага.

— Ён быў сімвалам нашага батальёна. Волатам, ідэалістам. Гэта сапраўдны мужык. І камандзір, за якім ішлі людзі. За сваіх людзей ён гатовы быў аддаць усё, у тым ліку і жыццё.

Ён меў павагу ў нашым батальёне, дый не толькі ў ім. Яго паважалі ў ветэранскім руху Украіны. Гэта чалавек, які да сваіх 28 год прайшоў і Украіну, і французскі інтэрнацыянальны легіён.

Гэта цяжкая страта для нас. Ды не толькі для нас, не толькі для батальёна. Такіх байцоў, як “Брэст”, людзей такіх прынцыпаў хацелася б бачыць болей. Гэта вялікая страта для нацыі. Нашыя загінулыя — гэта яе найлепшыя прадстаўнікі.

Ён намагаўся стварыць структуру, пры якой кожнага чалавека можна было б замяніць у батальёне, бо разумеў: усе не вечныя. Можа здарыцца і тое, што здарылася з ім самім.

Імёны нашых загінулых будуць у нашай “Нябеснай сотні”. Яны вечна будуць жыць і глядзець на нас, радавацца, калі мы будзем тварыць добрыя ўчынкі.

“Ён нас любіў і казаў: мае байцы — найлепшыя ў свеце”: волатавец пра “Брэста”
Іван “Брэст” Марчук са сваімі пабрацімамі / фота з афіцыйнага тэлеграм-канала батальёна “Волат”

Наш суразмоўца расказвае, што камандзір заўсёды першым ірваўся ў бой і імкнуўся быць у цэнтры ўсіх падзей.

— І гэтую групу ён павёў у бой сам. Ён быў вельмі дасведчаны і хацеў сам усё кантраляваць. За ўсіх перажываў, усіх любіў і казаў: мае байцы самыя лепшыя ў свеце.

Наш суразмоўца ўспамінае, як упершыню сустрэў Івана Марчука. У той час яшчэ не было ні палка Каліноўскага, ні самой вайны.

— Метр семдзесят. Барадаты! З гучным голасам, які мог перакрычаць танк! Яму не хапала толькі сякеры. Мною ўспрымаўся проста як міфічны персанаж — такі харызматычны быў дзядзька.

Камандзір батальёна “Волат” Іван “Брэст” Марчук загінуў, выконваючы заданне пад Лісічанскам. У яго групе было 11 чалавек. Месцазнаходжанне яшчэ траіх невядомае. Ёсць дакладныя звесткі пра тое, што два байцы знаходзяцца ў палоне.

Вось імёны тых, з кім развіталіся каліноўцы ў першыя тры месяцы вайны: Ілля “Літвін” Хрэнаў, Аляксей “Тур” Скобля, Зміцер “Тэрор” Апанасовіч, Зміцер “Ганс” Рубашэўскі, Павел “Волат”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі