Ёсць кантакты з грамадзянамі з-за мяжы? Дзіўная анкета з "Брэстэнерга"
Чытач Еўрарадыё даслаў у рэдакцыю анкету, якую, па яго словах, загадваюць запоўніць супрацоўнікам "Брэстэнерга". У дакуменце 15 пытанняў. Пасля звычайных анкетных дадзеных пачынаюцца дзівосы. Напрыклад, пытанне пра тое, ці падтрымлівае чалавек кантакты з грамадзянамі, якія стала пражываюць за мяжой, нібыта пераехала ў гэтую анкету з савецкіх апытанак.
Яшчэ адно пытанне датычыцца "дакументаў замежных краінаў", якія даюць нейкія ільготы і прывілеі. Верагодна, маецца на ўвазе "Карта паляка". У верасні 2021 года генпракурор Беларусі Андрэй Швед называў гэты дакумент "элементам падрыўной дзейнасці".
Таксама ў анкеце трэба ўказаць дадзеныя блізкіх сваякоў. І, між іншага, распавесці пра крымінальныя справы: па якіх чалавек, якога апытваюць, праходзіць як падазраваны, а па якіх — як сведка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.