З 10 снежня з'явіцца новы цягнік Мінск-Варшава
Упершыню з 2015 года з'явіцца беларускі цягнік па маршруце Мінск-Варшава. Да гэтага часу адзіны цягнік, на якім можна было дабрацца ў суседнюю сталіцу, быў маскоўскі №9/10. Аднак ужо з 10 снежня 2017 года, як распавялі Еўрарадыё, з'явіцца новы цягнік.
Беларуская і польская чыгункі распрацавалі хітрую камбінацыю — гэта будзе не адзін цягнік... а два! Гэта дазволіць зрабіць таннейшымі білеты і скараціць час у дарозе. Квіткі на кожны цягнік трэба набываць асобна.
У цягніках будзе адзін клас, білеты з Мінска да Варшавы абыдуцца ў 18 еўра, што ў пяць разоў танней, чым на маскоўскі цягнік.
Спачатку ты з Мінска на беларускім цягніку дабіраешся да Брэста. Потым самастойна праходзіш кантроль на Брэсцкім вакзале. Пасля чаго сядаеш на польскі цягнік і адпраўляешся ў Варшаву. На думку прадстаўнікоў БЧ, на пераход з аднаго цягніка на другі хопіць і гадзіны.
Як паведамілі ў даведцы БЧ: "Час адпраўлення цягніка з Мінска — 10:57. У Варшаву пасажыры прыедуць у 17:29. У адваротным кірунку адпраўленне з Польшчы ў 8:44, прыбыццё ў Мінск — 18:49".
Цягнік будзе рабіць прыпынкі на станцыях: Баранавічы, Івацэвічы, Бяроза, Аранчыцы, Жабінка, Брэст. У Польшчы наступныя прыпынкі: Цярэспаль, Малашэвіч-Пшыстанак, Хатылаў, Бяла Падляска, Менджынец Падляскі, Лукаў, Седльцэ, Мроза, Мінск-Мазавецкі, Варшава.