З Беларусі здолела выехаць сям’я Ігара Случака і Аліны Нагорнай
Ігар Случак, Аліна Нагорная з дзецьмі і Андрэй Стрыжак
З Беларусі здолела выехаць сям’я Ігара Случака і Аліны Нагорнай. Пра эвакуацыю вядомых абаронцаў беларускай мовы паведаміў праваабаронца, сузаснавальнік і кіраўнік фонду дабрачыннай дапамогі BYSOL Андрэй Стрыжак.
"Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі, — піша Стрыжак. — Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць, знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль(!). Іх расповед пра жыццё апошніх трох год — гэта драматычны прыгодніцкі трылер і гэты расповед варты асобнай кнігі. Аліна і Ігар пратрымаліся максімальна доўга, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасцю ўнутры краіны, але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небяспечнай, што яны былі вымушаныя з'ехаць".
Цяпер сям'я палітуцекачоў знаходзіцца ў Вільні і ім патрэбная дапамога.
Ігар Случак і Аліна Нагорная жылі ва ўласным доме ў вёсцы Перасека Рагачоўскага раёна. Падчас рэпрэсій яны некалькі гадоў хаваліся, жылі ў сяброў і знаёмых. Пры гэтым Случак выдаў кнігу “10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.