З лютага камуналка ў Мінску падаражэе на 40 тысяч
Калі ў студзені жыльцы двухпакаёўкі атрымлівалі жыроўкі ў сярэднім на 495 тысяч, то ў сакавіку давядзецца заплаціць 535 000 рублёў.
З 1 лютага 2015 года ў Мінску даражэюць камунальныя паслугі. Рашэнне пра гэта Мінгарвыканкам прыняў 5 студзеня. Тэхабслугоўванне падаражэе на 33%, вада і каналізацыя — у сярэднім на 22,7%, капітальны рамонт — на 40%! Да прыкладу, калі раней за тэхабслугоўванне двухпакаёвай кватэры (48 квадратных метраў) было 34 000 рублёў, то з лютага — 45 000 рублёў! Выраслі плацяжы за ліфт у 1,3 разы (6579 рублёў з кожнага прапісанага ў кватэры), а таксама з 1 студзеня ўрад павысіў тарыфы і на аплату святла.
Нагадаем, згодна з указам №550, аднамомантнае падаражанне камуналкі адбываецца штогадова з 1 студзеня, але не болей чым на 5 долараў. А таксама індэксуецца раз на квартал у залежнасці ад таго, як раслі заробкі беларусаў.
У мінулым годзе камуналка даражэла згодна з указам раз на квартал: 1 сакавіка, 1 чэрвеня, 1 верасня і 1 снежня. Дык да чаго тады адносіцца падаражанне камунальных плацяжоў з 1 лютага?
Адказ знаходзім у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
“Дык Мінгарвыканкам “праспаў” падаражанне. Калі ўсе падымалі ў студзені, яны насіліся з паперамі і ніяк не ўзгаднілі сваё падаражанне. Адкаціць указ нельга, таму падаражанне для мінчан будзе не з 1 студзеня, а з 1 лютага”, — тлумачаць у міністэрстве нечаканае павышэнне платы за камуналку.
“Дык мы па курсах снежня падымалі цэны, — спрабуюць супакоіць у Мінскжылкамгасе. — Падаражанне адбылося не болей чым на 5 долараў на тыповую двушку з трыма жыльцамі!”
У Мінскжылкамгасе тлумачаць, што жыроўкі з новымі цэнамі прыйдуць да мінчан ужо ў сакавіку.
Падлічваем. За камуналку ў тыпавой двушцы на 48 квадратных метраў з трыма прапісанымі ў студзені плацілі ў сярэднім 495 000 рублёў. За люты жыроўка пацяжэе да 535 000 рублёў. Агульнае падаражанне за люты складзе каля 8%, ці 40 000 рублёў.
Наступны раз цэны на камунальныя паслугі павінныя павысіцца з 1 сакавіка ў залежнасці ад таго, як вырастуць сярэднія заробкі беларусаў за 1 квартал 2015 года.