З Мінска не выпускаюць самалёт, на якім прыляцеў гендырэктар "Уралкалія"
Кампанія, якая абслугоўвае самалёт, штодня накіроўвае запыты на вылет, аднак кожны раз атрымлівае адмову.
Пра гэта РІА "Новости" паведаміў начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю "Уралкалія" Аляксандр Бабінскі. Паводле яго слоў, беларускія ўлады гэтую сітуацыю ніяк не каментуюць. Самалёт па-ранейшаму знаходзіцца на стаянцы ў аэрапорце.
Паводле звестак агенцтва "Прайм", самалёт, які быў затрыманы ў мінскім аэрапорце — гэта LearJet 60XP. Ён прызначаны для выкарыстання на авіялініях сярэдняй працягласці.
Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў панядзелак, 26 жніўня, у Мінску ў аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
Фота — strondingair.com