З-пад варты выпусцілі пяць затрыманых па "справе патрыётаў"
29 чэрвеня з СІЗА №1 выпусцілі пяцёх чарговых фігурантаў "справы патрыётаў". Падазраваных па гэтай справе выпускаюць з-пад варты ўжо трэці дзень запар.
Сёння на волю выйшлі Іван Кавальчук, Дзмітрый Новік, Андрэй Комлік-Ямацін, Андрэй Дундукоў, Аляксей Абрамаў.
Андрэй Комлік-Ямацін разам з жонкай выраблялі адзенне ў нацыянальным стылі пад маркай Terram album. Іван Кавальчук — 25-гадовы студэнт архітэктуры з Мядзеля. Супрацоўніка МНС Андрэя Дундукова затрымалі, калі ён разам з жонкай і дзіцем ехаў адпачываць ува Украіну.
Дундукоў і Новік адмовіліся кантактаваць з журналістамі пасля вызвалення.
У папярэднія два дні былі вызваленыя сем фігурантаў "справы патрыётаў". За кратамі застаюцца яшчэ два затрыманыя па гэтай справе: Міраслаў Лазоўскі, Віктар Мароз. Агулам у сакавіку-красавіку былі затрыманыя па гэтай справе 35 чалавек. Спярша затрыманых вінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, пазней частцы з іх дадалі абвінавачанне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. У траўні частку затрыманых выпусцілі, зняўшы з іх абвінавачанне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Потым гэтае абвінавачанне знялі з усіх. Пад артыкулам аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання засталіся 16 чалавек. Амаль усе яны зараз выйшлі на волю, але абвінавачанне з іх не знялі.