На памятны знак у мінскім парку вярнулі надпіс аб ахвярах рэпрэсій
Памятны знак у парку Чалюскінцаў у Мінску / фота Н. Дэйнегі , В. Вяргей
З драўлянага мемарыяльнага знака ў парку Чалюскінцаў у Мінску знік надпіс, каму і чаму прысвечаны гэты помнік. На гэта звярнула ўвагу "Наша Ніва".
Раней ля падножжа драўлянага крыжа быў выразаны надпіс: "У гэтым лесе ў 20–30-я гады знішчалі нявінных людзей". Цяпер ён знік.
Пра расстрэлы ў Камароўскім лесе (на яго месцы пазней зрабілі парк) пісаў Францішак Аляхновіч у сваёй кнізе ўспамінаў "У капцюрох ГПУ". У 1933 годзе бальшавікі абмянялі яго на беларускага філолага Браніслава Тарашкевіча, які апынуўся ў польскай турме. "У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамі калегіі ОГПУ, а ў панядзелак пачыналіся расстрэлы", пісаў у сваіх успамінах Аляхновіч. А расстрэльвалі ў Камароўскім лесе.
Памятны знак аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій на гэтым месцы быў пастаўлены ў 1990 годзе падчас шэсця на "Дзяды". Выданне адзначае, што ў парку ідуць работы па добраўпарадкаванні. На той момант было незразумела, таблічка знікла на час ці назаўжды. Пазней стала вядома, што надпіс усё ж такі вярнулі на памятны знак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.