У Чэрвеньскім раёне ўшанавалі памяць рэпрэсаваных савецкай уладай
![Супрацоўнікі прадпрыемства штогод наведваюць гэтыя месцы](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-05/pamiac.jpg.webp?itok=-nI-I-ID)
Супрацоўнікі прадпрыемства штогод наведваюць гэтыя месцы / t.me/chervenby/
У Чэрвеньскім раёне ўшанавалі памяць рэпрэсаваных савецкай уладай. Штогод у пачатку траўня гэта робяць супрацоўнікі прадпрыемства "Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 121" (філіяла "Мінскаблдарбуда"). Яны кажуць, што прымеркавалі акцыю да Дня Перамогі.
6 траўня начальнік філіяла ДРБУ-121 Андрэй Галкоўскі і Марына Ладуцька ўсклалі вянкі ва ўрочышчы Цагельня да памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў 1930-х і 1941 года, а таксама да памятнага знаку ахвярам рэпрэсій 1930-1940-х гадоў, піша раённая газета. Летась супрацоўнікі прадпрыемства былі з чырвона-зялёнымі сцяжкамі ў руках.
Вядома, што 26 чэрвеня 1941 года ў Цагельні супрацоўнікі НКУС расстралялі тысячы палітзняволеных з турмаў Мінска і іншых гарадоў. З пачатку 1990-х на ўгодкі трагедыі там праводзіліся акцыі памяці, арганізаваныя беларускімі патрыётамі. Ва ўмовах цяперашніх рэпрэсій яны ўжо немагчымыя.
Афіцыйнае ўшанаванне памяці рэпрэсаваных у Беларусі — з'ява рэдкая. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі даследуе выключна злачынствы нацыстаў (справа пра генацыд). Аднак калісьці месцы расстрэлаў людзей катамі з НКУС "замацавалі" за чэрвеньскім прадпрыемствам, і яго супрацоўнікі штогод выконваюць даручэнне.
![У Чэрвеньскім раёне ўшанавалі памяць рэпрэсаваных савецкай уладай](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/122_10.jpg.webp?itok=TA4RqlMv)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.