З СІЗА КДБ вызвалілі кіраўніка штаба Някляева Андрэя Дзмітрыева
Сёння з СІЗА КДБ выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе кіраўнік выбарчага штаба Ўладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго сяброўка Таццяна.
Таццяна: “Я з ім размаўляла сёння па тэлефоне. Наколькі я разумею, вызвалілі яго сёння, але я яго яшчэ не бачыла – я толькі размаўляла з ім па тэлефоне”.
Мабільны тэлефон самога Андрэя Дзмітрыева пакуль адключаны, а Таццяна прызналася, што ад радасці, што ён больш не за кратамі нават не ўдакладніла, на якой падставе яго вызвалілі. Кажа, ён паабяцаў бліжэйшым часам яшчэ раз з ёй звязацца і прызначыць сустрэчу. Падчас якой, магчыма, нешта раскажа больш падрабязна.
Нагадаю, што Андрэю Дзмітрыеву было прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле 293 часткам 1 і 2 Крымінальнага кодэкса. У адпаведнасці з часткай 1 за “арганізацыю масавых беспарадкаў” яму пагражае ад 5 да 15 гадоў турэмнага зняволення.