З-за афрыканскай чумы свіней браканьеры пачалі страляць ласёў
За два тыдні сакавіка без ліцэнзіі забілі сем ласёў. Раней такога не было.
“Тэндэнцыя толькі пачалася. За два тыдні з 10 сакавіка сем выпадкаў, калі забівалі ласёў. Гэта зашмат. Цяпер дзікоў менш, складана законна іх здабываць”, — прыводзяць Еўрарадыё статыстыку ў Інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце.
Гэта звязваюць з афрыканскай чумой свіней: з-за яе вырашылі знішчыць пагалоўе дзікоў, каб хвароба не распаўсюджвалася.
“Знішчыць усё адно ўсіх не атрымаецца, бо ёсць непраходныя месцы. Хто, напрыклад, пойдзе вынішчаць дзікоў у палескі радыяцыйны заказнік”, — сумняваюцца ў інспекцыі.
Тут абяцаюць штраф браканьерам — каля 40 мільёнаў за забітага без ліцэнзіі лася ўжо з 25 чэрвеня. Цяпер за трафейную асобіну — каля 30 мільёнаў шкоды, плюс пакаранне.
Застрэліць дзіка ў дзесяць разоў танней, чым лася, — параўноўваюць у Рэспубліканскім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў. Пуцёўкі на дзіка тут па ранейшаму выдаюць.
“Дзік сягалетак каштуе 150 тысяч рублёў, а лось — мільён. Большасць паляўнічых, вядома, ходзяць на дзікоў. Але сітуацыя наладзіцца, тады зноў будзем нарошчваць іх. Не складаць жа цяпер паляўнічым сваі квіткі”, — спадзяюцца ў таварыстве.
Папуляцыю дзікоў у Беларусі збіраліся “максімальна скараціць” да 1 сакавіка. Да сакавіка гэтых жывёл у Беларусі налічвалася каля 6,5 тысяч. А ў красавіку мінулага года — 81,5 тысяч. У 12,5 разоў больш!
Такое скарачэнне толькі на карысць, нечакана здзіўляюць мяне ў Інстытуце лесу пры Акадэміі навук у Беларусі.
“Папуляцыя хутка ўзнаўляецца. Гэта ж дзікі: шкоды для лясоў няма. У той момант у сувязі з гэтым захворваннем было разавае выманне. З часам адновіцца і папуляцыя дзікоў здаравей будзе”, — тлумачаць навукоўцы.
І дадаюць, што іншага выйсця, акрамя адстрэлу, не было.
“Гэтая адзіная магчымасць была, у дзіка ж адразу па сем дзяцей можа быць, мяркую, за некалькі гадоў папуляцыя адновіцца”.
Як падлічвае Еўрарадыё, за менш чым год адстрэлілі 75 тысяч дзікоў. Ласёў за год здабываюць да тысячы, папуляцыя на 2011 год была 26 тысяч асобін, перадае Белстат.
Фота: animalsglobe.ru