З-за чаго загараюцца электробусы і ці бяспечна на іх ездзіць

З-за чаго загараюцца электробусы і ці бяспечна на іх ездзіць

16 лістапада на ДС "Дружная" ў Мінску загарэўся электробус, што рухаўся па 43-м маршруце. На шчасце, кіроўцу ўдалося патушыць пажар і ніхто не пацярпеў. Як было выяўлена спецыялістамі "Белкамунмаш", завода, дзе вырабляюцца электробусы, прычынай інцыдэнту стала акаліна, якая патрапіла на вентылятар.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік сервіснай службы "Белкамунмаша" Аляксандр Шутаў.

"Гэтым разам загарэўся другі вентылятар, размешчаны на даху. Ён прызначаны для вывядзення цёплага паветра з салона. У момант сутыкнення пантографа з паласой зараднай станцыі ўтварылася невялікая электрычная дуга. З яе вылецела акаліна, якая трапіла на паверхню вентылятара. Зверху ён накрыты ахоўным пластыкавым кажухом, для герметызацыі і абароны ад знешніх ападкаў. Ад гэтай акаліны вентылятар і кажух і загарэліся", — тлумачыць Аляксандр Шутаў.

Мінулым разам, калі электробус загарэўся, прычынай інцыдэнту стала кароткае замыканне ўнутры сілавога транзістара, які адказвае за скід залішняй электраэнергіі. Гэта прывяло да плаўлення жгутоў, кароткага замыкання ланцуга і полымя, якое вылілася ў пажар. Тады яго ўдалося патушыць толькі з дапамогай спецсродкаў МНС.

Цяпер па вуліцах Мінска ездзіць 20 электробусаў "Белкамунмаша". Усе яны, кажа Аляксандр Шутаў, правераныя і знаходзяцца ў спраўным стане. Плануецца, што пластыкавыя кажухі будуць замененыя на зробленыя з негаручых матэрыялаў. Гэта будзе ўлічвацца і пры распрацоўцы наступнага транспарту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі