З-за крызісу ў Іспаніі адмаўляюцца ад карыды

Нечаканае адкрыццё робяць амерыканскія СМІ, апісваючы катастрафічны стан, у якім апынулася іспанская нацыянальная забава — карыда.

“Найбольш відавочная праблема — эканамічная. У гэтыя дні іспанцы, якія не маюць надзеі, не хочуць плаціць больш за 65$ за квіткі за жорсткае сядзенне пад спякотным сонцам”, — так амерыканскі навінавы сайт Globalpost спрабуе патлумачыць на тры чвэрці пустыя трыбуны падчас карыды ў невялікіх іспанскіх гарадах.

Раней правядзенне карыды датавалі мясцовыя ўлады, якія цяпер не маюць грошай. Квіткі ж на прыватна спансаваныя карыды ўжо каштуюць столькі ж, як і на добрыя рок-канцэрты. Але кошты яшчэ больш падскочылі летась, пасля таго як урад падвысіў падатак з продажаў на культурныя падзеі. Калі ў 2007 годзе ў краіне было праведзена каля 2700 буйных баёў з быкамі, то да канца гэтага года наўрад ці налічыцца 500 — амаль у 5,5 разоў менш. У такой сітуацыі заводчыкі, замест таго каб гадаваць быкоў для відовішча, прадаюць іх мяснікам, піша Washington Post. Пры гэтым значна губляюць у кошце, прызнаецца адзін з заводчыкаў:

“Калі мы прадаём быка мясніку, мы атрымоўваем 750$. Калі ж гадуем быка для баёў, то атрымоўваем ад 1350 да 2000$”.

У той жа час абаронцаў жывёлаў радуе заняпад карыды. Яны лічаць, што эканоміка пакончыць з практыкай, калі малыя гарады і вёскі выдаткоўваюць мільёны еўра на субсідаванне такіх падзей. Дзеліцца сваім уражаннем Айда Гаскон, дырэктар групы AnimalNaturalis, што займаецца абаронай правоў жывёлаў:

“Крызіс дапамог нашай справе. Усё больш людзей вырашаюць перастаць хадзіць на карыду. Таму для заводчыкаў становіцца вельмі складана гадаваць быкоў. Гэтая сфера знаходзіцца ў роспачы”.

Цікава: нягледзячы на змяншэнне попыту на карыду сярод гледачоў, школы матадораў адзначаюць усплеск колькасці дзяцей, якія хочуць асвойваць гэтую прафесію. У асноўным яны ўсе з сацыяльна дэпрэсіўнага асяроддзя. Віной усяму — зноў жа крызіс!

Дырэктар школы карыды: “У такія часы мары падтрымаць сем’і праз поспех на рынгу толькі ўзмацняюцца”.

Варта дадаць, што праблемы ў іспанскай эканоміцы пачаліся ў 2008 годзе. Згодна са статыстыкай, на гэты момант краіна займае другое месца ў ЕС па беспрацоўі: уладкавацца не могуць амаль 27% іспанцаў.

Фота: LLUIS GENE AFP/Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі