За $47 агенцтвы па працаўладкаванні абяцаюць толькі рассылку з інтэрнэту

Мінчанін Аляксандр сам знайшоў вакансію ў інтэрнэце. Аказалася, яе размясціла кадравае агенцтва. Там Аляксандра запэўнілі, што маюць як мінімум 9 вакансій з падобнымі ўмовамі, і прапанавалі заключыць дамову. Дамова заключаная, грошы — 480 тысяч рублёў — заплачаныя. Аляксандру абяцаюць прыслаць вакансіі на мэйл.

“Але агент даслала мне базу вакансій, ніяк не звязаных з маімі патрабаваннямі. Потым даслала заяўкі на цікавую мне спецыяльнасць, але акрамя электроннай пошты ніякай інфармацыі пра працадаўца не было. Электронная пошта не адказвае, я падпісаны на непатрэбную мне рассылку непатрэбных мне вакансій!” — кажа Аляксандр пра бяду.

Знаходжу кантору па працаўладкаванні сама і першае, што чую ад агента, — пра заключэнне дамовы.

“Запаўняеце анкету, прапісваеце ўсе патрабаванні і пажаданні ў працы, графік працы, месца. Мы прапаноўваем варыянты. Гарантый працаўладкавання не даем, даем гарантыю, што будзем вас суправаджаць да працаўладкавання. Бясконца гэта не цягнецца, звычайна за месяц людзі вызначаюцца з працай”, — кажуць мне ў агенцтве.

Каштуе такое “суправаджэнне” 480 тысяч рублёў. За гэту суму я буду атрымліваць вакансіі на электронную пошту. У агенцтве папярэджваюць, што прапаноўваюць толькі “інфармацыю”, значыць, прыдрацца няма да чаго.

“Вакансій у мяне няма. Я зараз нікому, да прыкладу, вакансію гандляра не шукала, але буду штодзень шукаць для вас інфармацыю і прысылаць яе вам”, — кажа агент.

Мяне гэта здзіўляе, бо выйсці ў інтэрнэт і гэтак жа пашукаць вакансію можна з любога карча! Агента не спыніць: не ў кожнага беспрацоўнага ёсць магчымасць ці час праглядаць інтэрнэт!

Удакладняю, ці актуальная інфармацыя пра вакансіі, што размешчаная цяпер на сайце. Спачатку агент удакладняе, як называецца сайт іх жа фірмы. Потым высвятляецца, што вакансіі гэтыя састарэлі. Класічны выпадак!

“Іх проста не паспелі зняць з сайта”, — знаходзіць выйсце дзяўчына. І раіць звярнуцца да другіх агенцтваў: маўляў, усе працуюць аднолькава.

У сталічным кадравым агенцтве “Дом кадраў” агент Вікторыя кажа, што тым, хто шукае працу і хутчэй за ўсё не мае грошай, нешта даплачваць агенцтвам нелагічна. Наадварот, плацяць працадаўцы за падбор персаналу. Вікторыя кажа, што такія нядобрасумленныя агенцтвы ганьбяць рэпутацыю ўсіх агенцтваў, і потым ніхто не хоча працаваць з агенцтвамі, нават прафесійнымі.

“Бывае, людзі прыходзілі ў месцы, дзе іх зусім ніхто не чакаў”, — кажа Вікторыя і заўважае, што схема працы падобная да агенцтваў, якія прапануюць арэнду жылля па перадаплаце — падкапацца цяжка.

І тлумачыць, што кадравыя агенцтвы і агенцтвы па працаўладкаванні — розныя рэчы. Але гэтая дзейнасць ніяк не ліцэнзуецца. Можна проста зарэгістраваць юрыдычную асобу па аказанні паслуг, вось і ўсё.

“Пакуль будуць лохі, якія будуць дазваляць так сябе паводзіць, будуць такія агенцтвы. Адзіная рэкамендацыя — чытайце дамову”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі