За год заробак беларусаў вырас на 16%, а камуналка — на 34%

Тарыфы на камунальныя плацяжы выраслі за 2014 год на 34,2%. Такія дадзеныя Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве эканомікі.

“Рост тарыфаў за 2014 год, за студзень-снежань, склаў 34,2%, з улікам тарыфаў на электраэнергію і газ. А вось узровень пакрыцця выдаткаў насельніцтвам цяпер роўны 29,5%. Гэтая лічба, магчыма, трошкі зменіцца — бо справаздачны перыяд яшчэ не завершаны”, — кажуць у Мінэканомікі.

Падлічваем: у студзені 2014 года за аднапакаёўку я заплаціла 180 600 плюс 109 тысяч за 150 кілават электраэнергіі — каля 300 тысяч рублёў. У канцы года ў жыроўцы прыйшло 257 тысяч, у тым ліку за святло — каля 147 тысяч рублёў, разам 400 тысяч рублёў. У выніку атрымліваем рост на 34%. Быццам бы ўсё правільна.

Рост камуналкі заўважылі і апытаныя Еўрарадыё мінчане:

“Камуналка моцна расла, на тысячу-дзве, быццам і не заўважаеш, а рост ідзе”, — скардзяцца дзве супрацоўніцы “Мінскзелянбуда”.

Успомнім, што згодна з указам кіраўніка дзяржавы №550 тарыфы павышаліся чатыры разы: у дакуменце сказана, што тарыфы могуць быць павышаныя на 5 долараў з пачатку года і індэксавацца ў залежнасці ад росту заробкаў беларусаў. Чыстая матэматыка, як гэта і адбылося ў 2014 годзе.

“У гэтым годзе ўсё даражэла стыхійна. Раней было проста: з 1 красавіка, да прыкладу, павышаюцца тарыфы. Але сёлета сёння даражэе тэхабслугоўванне, заўтра — вываз смецця ці яшчэ што. Газ ды святло, здаецца, увогуле ледзь не штомесяц даражэлі”, — тлумачаць у ЖРЭА Савецкага раёна.

Пры гэтым указ не прадугледжвае адкат тарыфаў у выпадку, калі заробкі ўпадуць. Да прыкладу, у жніўні і верасні зарплаты зніжаліся, але камуналка ўсё роўна вырасла на 5,8%. Гэта патлумачылі тым, што заробак павысіўся ў ліпені.

Як заробкі беларусаў раслі ў 2014 годзе

Да прыкладу, у настаўнікаў заробак павысіўся на 22%, у транспартнікаў — на 12,7%, а ў галіне вырабу аўтатранспарту — менш чым на 1%. Толькі ў медыцыне заробкі павысіліся на 33%, згодна са звесткамі Белстата. У агульным жа сярэдні заробак вырас на 16%. Дык чаму тады заробак рос менш, чым камуналка?

Як тлумачаць у Мінэканомікі, тарыфы раслі амаль так, як павышаліся заробкі. Рэч у тым, што індэксацыя не ўключала ў сябе аднамомантнае падаражанне тарыфу на 5 долараў. Калі браць пад увагу гэты момант, камуналку сапраўды праіндэксавалі акурат так, як павышаліся заробкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі