За кратамі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін
Алесь Пушкін / Еўрарадыё
За кратамі памёр беларускі палітвязень і мастак Алесь Пушкін. Пра гэта ў Facebook паведаміла яго жонка Яніна Дэмух: "Сёння ноччу у рэанімацыі пры невысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін".
Пушкіну было 57 гадоў.
Алесь Пушкін знаходзіўся за кратамі з сакавіка 2021 года. 30 сакавіка 2022-га яго асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Мастака прызналі вінаватым у "наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб" і ў "здзеку з дзяржаўных сімвалаў". Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыклу "Беларускі супраціў" (у прыватнасці, партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара) і перфоманс, які ён правёў у Кіеве. Вяртаючыся з Украіны ў Беларусь, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме пачалі крымінальную справу.
У красавіку 2022-га Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію № 22 у Івацэвіцкі раён ("Воўчыя норы"). Летам стала вядома, што палітвязня пакаралі пяццю месяцамі ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Восенню адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць яго пакаранне — на паўтара года яго перавялі ў турму. У канцы мінулага года яго этапавалі ў турму № 1 у Гродне.
Першы арышт Пушкіна быў у 1988 годзе, за ўдзел у мітынгу на Дзяды. У 1999-м мастак правёў свой самы вядомы перфоманс — "Гной для прэзідэнта": ён прыкаціў да Адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску тачку з гноем, вываліў яго, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.
У 2019-м Алесь Пушкін быў госцем праграмы Еўрарадыё "Ідэя Х".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.