За "масавыя беспарадкі" будуць судзіць 10 пінчукоў
На акцыях 9 і 10 жніўня ў Пінску пацярпелі больш за 50 супрацоўнікаў міліцыі. Такую лічбу агенцтву БЕЛТА назваў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Канаплянік.
Па яго словах, удзельнікі вулічных акцый выкарыстоўвалі тратуарную плітку, палкі, сметніцы, арматуру і распылялі слезацечны газ. Падчас акцыяў пратэсту былі пашкоджаныя аўтатранспарт і іншая маёмасць міліцыі. Таксама быў пашкоджаны будынак Пінскага райвыканкама, знішчаная і пашкоджаная гарадская маёмасць. Агульная сума шкоды ацэньваецца больш як на 23 тысячы рублёў.
Найбольш актыўных удзельнікаў, па словах Канапляніка, затрымалі адразу пасля акцыяў.
"Дапытаныя абвінавачаныя, пацярпелыя і каля сотні сведак, праведзены агляд месцаў здарэнняў, канфіскаваных падчас яго прадметаў. Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню відэазапісаў, размешчаных у інтэрнэце і ў мабільных тэлефонах абвінавачаных. Дзякуючы гэтаму дэталёва выяўленыя дзеянні кожнага з фігурантаў", — паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.