За паўгода ў Беларусі пачалі 900 палітычных спраў
Ад пачатку прэзідэнцкай кампаніі, за шэсць месяцаў у Беларусі пачата больш за 900 крымінальных спраў. Такую лічбу называюць праваабаронцы з "Вясны".
Пад крымінальны пераслед трапілі ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі, актывісты іх штабаў, удзельнікі мірных акцый пратэсту пасля выбарчай кампаніі.
Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваюцца следчымі:
293 КК РБ (Масавыя беспарадкі) — “Вясна” ведае прозвішчы мінімум 157 фігурантаў спраў па гэтым артыкуле;
342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — па гэтым артыкуле пачалі "справу Ціханоўскага", а таксама справу пасля шэсця на Дзяды ў Мінску (падазраванымі праходзіць 231 чалавек);
363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак);
364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
243 КК РБ (Ухіленне ад выплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманыя актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
Таксама вядома, што пачатыя справы за паклёп (арт. 188 КК РБ), хуліганства (арт. 339 КК РБ) і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Праваабаронцы "Вясны" паведамляюць, што сабралі імёны і прозвішчы больш як 450 чалавек з усёй краіны, якія трапілі пад крымінальны пераслед у сувязі з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. 98 чалавек з гэтага спісу ўжо лічацца палітычнымі зняволенымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.