За сілавіка, які ўпаў і зламаў нагу, Віктару Барушку далі 5 гадоў калоніі
Віктар Барушка / Naviny.by
Да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзіў суд Ленінскага раёна Мінска 32-гадовага прадпрымальніка Віктара Барушку. Суд прызнаў яго вінаватым у прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў супрацоўніку АМАП.
Сам Барушка падчас судовага паседжання сваёй віны не прызнаў, расказваў TUT.BY. Ён настойваў на тым, што 18 кастрычніка ішоў з пратэснага маршу. У нейкі момант убачыў сілавікоў і пачаў уцякаць. Затым яго збілі з ног — разам з байцом АМАПу мужчына ўпаў на зямлю. Баец, які таксама ўпаў, пры гэтым зламаў нагу.
Пацярпелы на судзе выступаў пад выдуманым імем і сцвярджаў, што атрымаў траўму падчас сутыкнення. Ён пераконваў суд, што Барушка ўдарыў яго нагой. І менавіта гэты ўдар стаў прычынай пералому.
Варта адзначыць, што пасля сілавога затрымання ў кастрычніку Віктар Барушка правёў 12 дзён у рэанімацыі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (бо яго білі — пра гэта ён распавёў у судзе).
У сваім апошнім слове ён зноў сказаў, што ніякіх удараў не наносіў і ніякіх матываў не меў.
"Прадстаўленае бокам абароны відэа сведчыць аб недакладнасці пазіцыі пацярпелага і пацвярджае маю версію, а менавіта: я сапраўды ўцякаў, пасля падсечкі пачаў завальвацца і падаць. Затым мяне паднялі супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў аўтазак. Відэа пацвярджае, што ўсё адбылося хутка, імгненна, за долі секунды. І здзейсніць нейкія ўсвядомленыя актыўныя дзеянні ў выглядзе нанясення цэнтраванага ўдару я не мог", — сказаў ён.
Барушка таксама звярнуўся з вельмі кранальнымі словамі да сваіх родных.
Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.