За “службовае жыллё” дворнік і артыст аддадуць больш за траціну заробка?

Па загадзе кіраўніка краіны службовага жылля больш няма — яго перавялі ў разрад арэнднага. Гэта вынікае з загаду “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”. Службовае жыллё раней давалі дворнікам, артыстам, міліцыянтам. У дворнікі многія ішлі толькі для гэтага.

“Да першага красавіка 2014 года плануецца перавесці ў фонд жылля камерцыйнага выкарыстання ўсе заселеныя службовыя і спецыяльныя жылыя памяшканні. А пасля 1 ліпеня 2016 ўключыць у гэты фонд арэнднага жылля не прыватызаваныя на гэтую дату грамадзянамі Беларусі дзяржаўныя кватэры. Не прыватызавалі, значыць,гэта дзяржаўнае жыллё застаецца, мы яго робім арэндным, плата за гэтыя кватэры будзе як і на арэнднае жыллё”, — папярэджваў яшчэ ў лістападзе Аляксандр Лукашэнка.

Значыць 79 тысяч кватэр цяпер сталі “камерцыйнымі”, а апроч камуналкі, “службоўцы” будуць плаціць па 30 тысяч за квадратны метр. У ЖЭУ-19 Першамайскага раёна Мінска спадзяюцца, што гэта “завабіць спецыялістаў!”

“Можа, больш кваліфікаваныя супрацоўнікі прыйдуць, бо арэнднае жыллё шмат значыць. І дзе яго цяпер атрымаеш. Цяпер жа толькі будуюцца арэндныя дамы”, — разважаюць камунальшчыкі.

Сярэдні заробак дворніка тут 3,5 мільёны. Цікавімся ў разліковым цэнтры ЖРЭА Ленінскага раёна Мінска: “колькі плацяць за арэнднае жыллё?”.

“Карыстанне камерцыйным жыллём — 859 тысяч, тэхабслугоўванне — 69, капітальны рамонт — 19 тысяч. Агулам, з ацяпленнем, за люты — 1,5 мільёны”, — падлічваюць у цэнтры. Амаль палова ад заробку дворніка!

Давалі службовае жыллё і артыстам. Цяпер артыстка Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык рыхтуецца аддаць за ўжо арэндную аднапакаёўку большую частку заробка.

“Баюся, раптам гэта будзе ўвесь мой заробак. Пакуль не вельмі добра ўяўляю, колькі гэта будзе. Звычайна жыроўка прыходзіць пасля 10-ага. А мой апошні заробак 3,5 мільёны”, — расказвае Ганна Хітрык.

Зніжкі на арэнднае жыллё абяцаюць толькі суддзям ды пракурорам, падказваюць у “Мінскай жыллёвай гаспадарцы”.

“Паніжаючыя каэфіцыенты — у асноўным, для суддзяў, пракурораў, якія працуюць у арганізацыі, якая ім выдзяляла службовае жыллё і далей”, — падказваюць чыноўнікі.

Арэнднае жыллё аддалі праграмістам па рэзалюцыі Лукашэнкі

Фото: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі