За ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" судзяць фатографа з Барысава

Аляксандр Зянкоў 

Аляксандр Зянкоў  / ex-press.by

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачынаецца суд над барысаўскім фатографам Аляксандрам Зянковым, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні".

Зянкова затрымалі ў чэрвені 2023 года ў ягоным доме ў Барысаве. Быў ператрус, сілавікі забралі тэхніку. Самога Зянкова павезлі ў Мінск на Акрэсціна, пасля перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Вядома, што ўлетку 2020 года Зянкова затрымлівалі разам з іншымі журналістамі на вулічнай акцыі ў Мінску. Адпусцілі пасля праверкі дакументаў. Увосень таго ж 2020 года да яго прыязджала міліцыя — папярэдзіць аб недапушчальнасці парушэння закона.

Зянкоў працуе фатографам-фрылансерам з 1998 года, раней супрацоўнічаў з незалежнымі выданнямі. Акрамя таго, здымаў дакументальныя фільмы. У 2015 годзе адна з яго работ — аб рэканструкцыі царквы ў вёсцы Зембін — была адзначана журы фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Магніфікат". У апошні час Зянкоў шмат падарожнічаў і фатаграфаваў прыроду і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго прайшла персанальная фотавыстава.

Праваабаронцы адзначаюць, што па артыкуле, які зараз ставяць у віну Аляксандру Зянкову, яму пагражае ад двух да шасці гадоў абмежавання або пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі