За "Жыве Беларусь" у судзе Смаргоні распачалі крымінальную справу
Старшыня суда Алена Пятрова распарадзілася выклікаць міліцыю / spring96.org
Па факце інцыдэнту ў Смаргонскім судзе распачалі крымінальную справу аб хуліганстве, паведамляе "Наша Ніва". У той дзень, 18 лютага, выносілі прысуд па крымінальнай справе Руслана Валюка і Інэсы Маркавай. Іх абвінавачвалі ў паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі. Валюк у выніку атрымаў 2 гады "хіміі", Маркава — 2 гады "хатняй хіміі". Падрабязна пра гэтую справу можна пачытаць тут.
Пасля таго, як прысуд быў абвешчаны, хтосьці крыкнуў: "Жыве Беларусь", — хтосьці адказаў: "Жыве". Гэта пачула старшыня суда Алена Пятрова — яна вяла працэс у суседняй зале. Пятрова выйшла ў калідор, заявіла пра непавагу да суду і пра тое, што выклікае міліцыю. Выхад з будынка заблакавалі.
Частка людзей, паводле дадзеных "Нашай Нівы", змаглі выбрацца праз вокны. Некалькі чалавек затрымалі. Некаторых затрымлівалі ўжо на наступны дзень. Сярод іх аказаўся і Рамуальд Улан. Некалькі сутак да суда ён правёў у ізалятары. Аднак пастановы па адміністрацыйнай справе пакуль няма: суддзя адправіў пратаколы на дапрацоўку, людзей пакуль вызвалілі.
Разам з тым, пакуль затрыманыя былі ў ізалятары, па факце інцыдэнту ў судзе была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. "Хуліганства".
"Ціснуць вельмі моцна, мне кажуць, што хіміяй не абыдзецца", — кажа Улан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.