Забароны Анішчанкі: кошт пытання для Беларусі (+інфаграфіка)

У дзень арышту гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера эксперты прадказвалі, што ў "калійную вайну" ўмяшаецца галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка. І ўжо 28 жніўня ў кіраўніка Рассельгаснагляду "з'явіліся пытанні" да беларускага малака. А 30 жніўня Расія забараніла ўвоз свінняў і свініны з Беларусі.

На брэсцкім заводзе "Инко-фуд" пра забарону распавядаюць акуратна: шмат яшчэ не вытлумачана.

"Патрабаванні датычацца, найперш, прадпрыемстваў, што вырабляюць сыравіну. Датычацца яны і вырабаў са свініны, якія мусяць праходзіць канкрэтную тэрмічную апрацоўку. Але мы працуем у межах гэтых тэмпературных рэжымаў".

На Гродзенскім мясакамбінаце "свіную вайну" не заўважаць: у звязку з афрыканскай чумой прадпрыемства перапыніла экспарт у Расію некалькі месяцаў таму.

"Дагэтуль забарона распаўсюджвалася толькі на некалькі прадпрыемстваў, а частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працавала на экспарт. А з сённяшняга дня ўся прадукцыя будзе ісці толькі ўнутры краіны. Адпаведна, канкурэнцыя ж павялічыцца!"

А адсюль могуць быць два наступствы: ці кошты на свініну папаўзуць уніз, ці складскія запасы павялічацца. Бо, як паўжартам кажуць на тым жа Гродзенскім мясакамбінаце, "больш есці не прымусіш".

На Магілёўскім мясакамбінаце прызнаюцца: пад забарону можа трапіць каля 40% свініны ад усёй, што экспартуецца ў Расію. Нагадаем, Рассельгаснагляд забараніў свінагадоўчую прадукцыю, якая не прайшла апрацоўку пры тэмпературы не ніжэй за 72 градусы на працягу не меней за 30 хвілінаў, што гарантуе знішчэнне віруса АЧС.

"У кожнага мясакамбіната ёсць прадукцыя, якая праходзіць такую санапрацоўку і якая не праходзіць. Я так мяркую, што на каўбасных вырабах мы згубім у аб'ёме адсоткаў сорак. Недзе так. Але мы зробім акцэнт на іншыя каўбасы, якія і зараз дапушчальныя. І, можа, на іх мы і знойдзем гэтыя аб'ёмы".

Экспарт свініны

Кошт пытання: амаль 250 мільёнаў долараў.

Жывых свінняў Беларусь экспартуе толькі ў Расію. У 2012 годзе ў апошняе падарожжа на ўсход адправіліся 103 тысячы беларускіх свінняў — амаль на 25 мільёнаў долараў.

Беларускую свініну таксама амаль цалкам "паглынае" Расія. Экспарт у РФ — на 217 мільёнаў!

Экспарт малочнай прадукцыі

Кошт пытання: 1,6 мільярда долараў.

Забарона на ўвоз у Расію беларускіх свінняў — відавочнае папярэджанне. Маўляў, будзеце выкабеньвацца далей — забаронім і малако, якога Беларусь увозіць у Расію на ў 6 разоў большую суму. Генадзь Анішчанка ўжо казаў пра тое, што траціна ад даследаваных узораў малака і масла не адпавядае нормам бяспекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі