Зачынілі ШІ-памочніка ад Акадэміі навук, бо расказваў праўду пра 2020-ы

"Алесь" ад беларускага ШІ расказвае пра 2020 год

"Алесь" ад беларускага ШІ расказвае пра 2020 год / калаж "Зеркала"

Сайт галасавога асістэнта на аснове штучнага інтэлекту (ШІ), створаны Нацыянальнай акадэміяй навук, зачынены. На ім стаіць паведамленне, што "вядуцца тэхнічныя працы" і "сайт часова недаступны".

Гэта адбылося пасля скаргаў прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай і яе паплечнікаў, якім не падабаліся адказы ШІ-асісітэнта.

Галасавы асістэнт быў створаны ў Беларусі напрыканцы 2023 года. Над яго стварэннем працавалі ў Інстытуце праблем інфарматыкі Акадэміі навук. А на пачатку 2025-га на яго звярнулі ўвагу прарасійскія актывісты з кола Вольгі Бондаравай, піша "Зеркало". Ім не спадабалася, што дзяржаўны ШІ-памочнік "Алесь" адказвае пра падзеі 2020 года не ў адпаведнасці з дзяржпрапагандай.

"Мясцовыя беларускія айцішнікі, атрымліваючы шалёныя заробкі з бюджэту краіны, у адкрытую вядуць экстрэмісцкую дзейнасць. Гэта як? Што адбываецца?!" — абураўся адзін з карыстальнікаў, які атрымаў ад "Алеся" адказ наконт пратэстаў 2020 года.

Гэта, дарэчы, сведчыць, што чалавек не разумее прынцып працы такіх ШІ-памочнікаў. Яны збіраюць звесткі з адкрытых даных у інтэрнэце. Распрацоўшчыкі праграмы з акадэміі навук не закладаюць адказы ў ШІ.

Дарэчы, і сама Бондарава звярталася да Лукашэнкі ў сваім тэлеграм-канале са скаргай на ШІ. Яна пісала, быццам Акадэмія наук "нам усім такую змагарскую свінню падкладае".

"Ці гэта інфармацыйная палітыка такая ў дзяржавы — аспрэчыць прэзідэнцкія выбары і абвінаваціць сілавікоў у "рэпрэсіях"? Вельмі сумняваюся. Немагчыма атрымаць перамогу ў інфармацыйнай вайне, калі ва ўласным лагеры здраднікі!" — пісала прарасійская актывістка.

5 сакавіка яна з задавальненнем канстатавала, што сайт ШІ-асістэнта не працуе. На думку Бондаравай, "КДК узяў за *опу "распрацоўшчыкаў".

Між іншага, раней у Беларусі "нармалізавалі" Корпус беларускай мовы, створаны Акадэміяй навук, — гэта збор тэкстаў розных часоў. З сайта выдалілі непажаданыя ўладам выданні і аўтараў. Пры гэтым колькасць словаў у Корпусе знізілася — раней было каля 1 мільярда засталося 124 мільёны, то бок толькі 12% першапачатковага аб'ёму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі