“Заходнім майстрам стрыт-арту далёка да нашай выцінанкі!”
Стваральнік часопіса пра стрыт-арт Signal расказаў, чым адметнае беларускае вулічнае мастацтва і ці змянілася стаўленне ўлады да яго.
Еўрарадыё: Чым адрозніваецца беларускае вулічнае мастацтва ад заходняга ды ўсходняга?
Зміцер: Яно яшчэ маладое, і пакуль рана казаць, чым жа яно вылучаецца. Але ўжо цяпер відаць, што нашыя мастакі звяртаюцца да сваёй культуры і традыцый: выкарыстоўваюць арнамент, выцінанку, гістарычныя падзеі — вядома ж, не ўсе, а частка.
Еўрарадыё: Што з гісторыі з’яўляецца? Гісторыя ж у нас вельмі розная…
Зміцер: Розныя падзеі можна па-рознаму паказаць. Той жа савецкі перыяд можна адлюстраваць у выглядзе неасоцарту ды з яго пасмяяцца. Калі паказваць гістарычныя падзеі кшталту Грунвальдскай бітвы — зусім па-іншаму.
Еўрарадыё: А якія гістарычныя постаці часцей за ўсё сустракаюцца?
Зміцер: Была такая серыя з вядомымі беларусамі, каб нагадаць нашым суайчыннікам аб тых асобах, якімі можна ганарыцца, якіх ужо забылі. Ну, напрыклад Вітаўт, Кастусь Каліноўскі, Францыск Скарына.
Еўрарадыё: Ці праўда, што большасць беларускіх мастакоў проста капіююць з заходніх творцаў?
Зміцер: Гэта стэрэатып. Людзі так думаюць, бо чамусьці не могуць разглядаць нашага мастака аўтаномна — ім абавязкова трэба параўнаць яго з заходнімі мастакамі і знайсці агульныя рысы, каб сказаць, што адзін мастак падобны да другога. Заходнім мастакам далёка да нашай выцінанкі, з якой працуюць нашыя хлопцы. Калі мы робім сваё — мы ні да каго не падобныя.
Еўрарадыё: А ці стрыт-арт павінен мець нацыянальнасць? Ці сёння мастацтва не павінна быць касмапалітычнае?
Зміцер: Кожны мастак па-свойму перажывае гэта. Нехта рэагуе на сітуацыю ў сваёй краіне. Хтосьці паказвае свой унутраны свет. “Думай глабальна, а дзейнічай лакальна”. Можна думаць пра ўвесь свет, а дзейнічаць у межах Беларусі.
Еўрарадыё: Як улады ставяцца да стрыт-арту? Ці лягчэй з імі супрацоўнічаць, чым некалі?
Зміцер: Ведаю, што ў СМІ больш увагі надаюць стрыт-арту, але і гэта толькі пачынаецца, таму ўлады толькі пачынаюць арыентавацца ў сітуацыі. Цяпер ужо выдаюць сцены на маляванне — недабудаваныя будоўлі, на ўскраіне горада… Але сапраўдны стрыт-арт — калі ты робіш яго, дзе хочаш, і не пытаешся ні ў каго. Такія правілы стрыт-арту.
Еўрарадыё: Выйшаў першы нумар вашага часопіса Signal. Ці будзе працяг?
Зміцер: Мэта ў нас была — у першым нумары ўвогуле паказаць, што ёсць такія мастакі. Развіццё часопіса залежыць ад развіцця нашых мастакоў. Калі будзе шмат якасных прац — яны трапяць у часопіс, а калі прац не будзе — што выдаваць? Гэтым часопісам мы хацелі зацікавіць людзей, каб у іх з’явіўся імпэт працаваць, маляваць, нешта новае адкрываць ды трапіць у часопіс.
Беларускі стрыт-арт: www.woostercollective.com